Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве пад расійскім абстрэлам адзін чалавек загінуў, адзін паранены

Мікалаеў, як і іншыя ўкраінскія гарады, інтэнсіўна абстрэльваюць пасля таго, як украінскія узброеные сілы атакавалі расіян у Херсонскай вобласці. 

Паведамляецца, што ў Мікалаеве 30 жніўня ў выніку расійскага абстрэлу адзін мірны жыхар загінуў і адзін атрымаў раненні.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


«На жаль, ёсць ахвяры апошніх абстрэлаў. Цяпер вядома аб адным загінулым і адным параненым. Прашу ўсіх быць максімальна асцярожнымі і не выходзіць на вуліцу без пільнай неабходнасці», – напісаў у сваім тэлеграм-канале мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

Днём раней, 29 жніўня, расійская армія нанесла масіраваны ўдар па Мікалаеву. Два мірных жыхары загінулі і 24 былі параненыя.

За апошні дзень у выніку абстрэлаў часткова, або цалкам разбураныя 39 грамадзянскіх будынкаў. Усяго ж за час поўнамаштабнай вайны ў Мікалаеўскай вобласці разбурана 10 076 аб’ектаў. За гэты час удалося аднавіць 1344 аб’екты крытычнай інфраструктуры і ЖКГ, паведамляе выданне «Николаевские новости».

Не выключаецца, што інтэнсіўны абстрэл жылых раёнаў украінскіх гарадоў звязаны з контрнаступленнем украінскіх войск на поўдні краіны, у Херсонскай вобласці. Яно пачалося 29 жніўня.

Прасоўванне ўкраінскіх сіл суправаджаецца разбурэннем лагістыкі расіян на акупаваных тэрыторыях.

Украіна ўстрымліваецца агучваць свае поспехі па дэакупацыі раёнаў, а Расія заяўляе, што контрнаступленне спыненае.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: lenta.ua