Навіны пабрацімаў. У Мікалаеўскай вобласці расійскім абстрэлам забіла жанчыну. Кіраўнік рэгіёну запэўнівае, што абласному цэнтру не пагражае аблога

Мікалаеў з 10 на 11 жніўня пражыў без абстрэлаў, тым часам паселішчы вобласці атакоўваць расійскія войскі не пераставалі. У адным з паселішчаў загінула жанчына.

Ракетныя атакі трывалі і 12 жніўня. 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Пра смерць жанчыны стала вядома з паведамлення кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, апублікаваным 12 жніўня.

Паводле яго ў гэты дзень паселішчы рэгіёну пачалі абстрэльваць зранку. Гэтым разам абышлося без пацярпелых.

mykolaiv.news

За мінулы дзень у Мікалаеўскай вобласці ад ракетных атак пашкоджаныя 26 грамадзянскіх аб’ектаў. На 12 жніўня, за час поўнамаштабная вайны, часткова або цалкам разбураныя 9271 абʼектаў. Найбольш пацярпеў жылы фонд вобласці – 6002 будынкаў, піша выданне Inshe.tv

Віталь Кім запэўнівае жыхароў Мікалаева, што гораду не пагражае аблога. Па ягоных словах, «падставаў для турбот няма», бо «каб акружыць горад, расійскім войскам спатрэбіцца некалькі месяцаў».

«У цяперашні час лінія фронту знаходзіцца за 45 кіламетраў ад гораду, таму пагрозы акружэння няма», пераказвае словы кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі «Канал 24».

liga.net

Па словах мэра Аляксандра Сянкевіча 80 працэнтаў жыхароў Мікалаева беспрацоўныя. У горадзе не засталося буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. Працуюць установы гандлю, крытычнай інфраструктуры і сферы паслуг. Кіраўнік гораду лічыць безадказным трымаць людзей на працы, калі горад могуць абстраляць у любы момант.

«Таму мы раім прадпрыемствам часова выяжджаць, па магчымасці працаваць на тэрыторыях, якія не вельмі блізкія да ваенных дзеянняў» – цытуе Аляксандра Сянкевіча выданне «Миколаївська правда».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».