Упершыню за 60 гадоў колькасць кітайцаў пачала скарачацца – на 850 000 чалавек за 2022 год.
«Эпоха адмоўнага росту насельніцтва» Кітая наступіла пасля гістарычнага падзення колькасці людзей упершыню з 1961 года – піша The Guardian. Даследчыкі мяркуюць, што цяпер краіну чакае доўгі перыяд зніжэння кольксці насельніцтва і яго старэння ў выніку спрацоўвання дэмаграфічнай бомбы запаволенага руху.
Дзесяцігоддзі “палітыкі аднаго дзіцёнка”, якая заключалася ў прымусовым стрымліванні сямей у іх жаданні мець дзяцей больш за аднаго, а таксама рост кошту сучаснага жыцця прывялі да таго, што пары не схільныя да вялікіх сем’яў. У выніку, на канец 2022 года ў краіне было зарэгістравана 1,41175 мільярда чалавек у параўнанні з 1,41260 мільярда годам раней, паведаміла Нацыянальнае бюро статыстыкі – што на 850 000 менш.
Эпоха адмоўнага росту
Выступаючы напярэдадні апублікавання дадзеных, Цай Фан, намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і сельскіх справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, заявіў, што насельніцтва Кітая дасягнула свайго піку ў 2022 годзе, а гэта значна раней, чым чакалася. «Эксперты ў галіне народанасельніцтва і эканомікі прагназуюць, што да 2022 года або не пазней за 2023 год наша краіна ўвойдзе ў эпоху адмоўнага росту насельніцтва» – сказаў Цай.
Урад Кітая на працягу некалькіх гадоў спрабуе заахвоціць людзей нараджаць больш дзяцей і прадухіліць насоўванне дэмаграфічнага крызіса, выкліканага старэннем насельніцтва. Новая палітыка накіравана на паслабленне фінансавага і сацыяльнага цяжару пры выхаванні дзяцей або на актыўнае стымуляванне нараджэння дзяцей праз субсідыі і падатковыя льготы. Некаторыя правінцыі або гарады абвясцілі грашовыя выплаты бацькам, якія маюць другое ці трэцяе дзіця. На мінулым тыдні горад Шэньчжэнь абвясціў аб фінансавых стымулах, якія складаюць 37 500 юаняў (5 550 долараў) для сям’і з трыма дзецьмі.
Прыйдзецца паляпшаць адносіны з Захадам
І Фусянь, даследчык акушэрства і гінекалогіі з Універсітэта Вісконсіна-Мэдысан і эксперт па зменах насельніцтва Кітая, сказаў, што зніжэнне колькасці насельніцтва адбылося амаль на дзесяць гадоў раней, чым прагназавалі ўрад краіны і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.
– Гэта азначае, што рэальны дэмаграфічны крызіс у Кітаі выходзіць за межы ўяўлення і што ўся мінулая эканамічная, сацыяльная, абаронная і знешняя палітыка Кітая грунтавалася на памылковых дэмаграфічных дадзеных – напісаў І ў сваім Twitter.
– Дэмаграфічныя і эканамічныя перспектывы Кітая значна больш змрочныя, чым чакалася. Кітаю давядзецца прайсці стратэгічнае скарачэнне і скарэктаваць сваю сацыяльную, эканамічную, абаронную і знешнюю палітыку. Кітай будзе паляпшаць адносіны з Захадам.
Ніхто не хоча жаніцца і нават закахацца
У мінулым годзе каэфіцыент нараджальнасці ў Кітаі склаў 6,77 нараджэнняў на 1000 чалавек, знізіўшыся з паказчыка 7,52 нараджэння ў 2021 годзе, што азначае самы нізкі ўзровень нараджальнасці за ўсю гісторыю. У рэальных лічбах у 2022 годзе было зарэгістравана на мільён менш нараджэнняў дзетак у параўнанні з агульным паказчыкам папярэдняга года (10,62 мільёна). У краіне таксама зарэгістраваны самы высокі ўзровень смяротнасці з 1976 года – зарэгістраваны 7,37 смерці на 1000 чалавек у параўнанні з паказчыкам 7,18 смерцяў у 2021 годзе.
Цай Фан на гэты конт сказаў, што сацыяльная палітыка Кітая павінна быць скарэкціравана, уключаючы догляд за састарэлымі і пенсіі, нацыянальны фінансавы цяжар, які ў будучыні пагоршыцца і паўплывае на эканамічны рост Кітая.
У Інтэрнэце некаторыя кітайцы не былі здзіўлены гэтай заявай, адзначаючы, што сацыяльны ціск, які абумовіў нізкую нараджальнасць, усё яшчэ захоўваецца.
«Цэны на жыллё, сацыяльнае забеспячэнне, адукацыя, ахова здароўя – прычыны, па якіх людзі не могуць дазволіць сабе мець дзяцей» – сказаў адзін з каментатараў на Weibo.
«Хто цяпер наважваецца нараджаць дзяцей, цэны на жыллё такія дарагія, ніхто не хоча жаніцца і нават закахацца, не кажучы ўжо пра дзяцей» – сказаў іншы.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.