Хоцімск

Насельніцтва Хоцімска скарацілася амаль на 14% за апошнія пятнаццаць год

Заняпад невялікіх гарадоў і раённых цэнтраў на Магілёўшыне адбываецца павольна, але дастаткова даўно і няўхільна. Так, у самым усходнім раённым цэнтры Беларусі Хоцімску за апошніх 15 год назіраецца вялікае скарачэнне колькасці насельніцтва. Калі ў 2007 годзе жыхароў мястэчка было больш за 7200 чалавек, то ўжо праз пяць год насельніцтва Хоцімска складала амаль 6800 чалавек. 

Тэндэнцыя скарачэння насельніцтва мястэчка працягвалася і ў наступныя дзесяць год. На сённяшні дзень колькасць жыхароў раённага цэнтра ацэньваецца ў 6200 чалавек. Такім чынам, за апошнія 15 год насельніцтва невялікага мястэчка Хоцімск скарацілася на цэлую тысячу чалавек – а гэта больш за 13,8%. Такая з’ява вельмі небяспечная для гарадка, які паступова губляе маладое і актыўнае насельніцтва, а разам з ім надзею на будучае развіццё.