Позна ўвечары 25 чэрвеня нечакана Уладзімер Пуцін прыбыў у Крэмль. Расійскія СМІ адрэагавалі: начныя візіты, звязаныя з нечым важным. Украінскае агенцтва «УНІАН» дадало: «асабліва на фоне тэмаў, што абмяркоўваліся з Лукашэнкам».
Падчас перамоваў 25 чэрвеня Лукашэнка папрасіў Пуціна разгледзець магчымасць люстранога адказу на палёты авіяцыі НАТА з ядзернай зброяй ля межаў Беларусі, інфармавала расійскае агенцтва ТАСС.
Пуцін зазначыў: пакуль у гэтым няма неабходнасці. Бяспека Беларусі будзе забяспечана ў тым ліку дзякуючы перададзеным расійскім бокам комплексам «Іскандэр-М».
Амаль адразу пасля таго, як Пуцін аб’явіўся ў Крамлі, расійскія тэлеграм-каналы сталі інфармаваць расіян у Літве, каб яны не набліжаліся да стратэгічных аб’ектаў у гэтай краіне. Згадвалі аэрадромы, парты, склады гаруча-змазачных матэрыялаў, тэлевышкі ды месцы дыслакацыі воінскіх частак. Наагул раілі пакінуць на час Літву.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітры Пяскоў зняпраўдзіў чуткі, што прэзыдэнт Расіі, нібыта, прыбыў у Крэмль зрабіць экстранную заяву, напісала ў сваім тэлеграм-канале расійская агенцтва ТАСС.
Паводле Пяскова, прыезд Пуціна, звязаны «са звычайнымі працоўнымі момантамі». Паводле Пяскова ніякіх заяваў не плануецца. Распаўсюджаную тэлеграм-каналамі інфармацыю ён назваў меркаваннямі.
Але, пасля тлумачэння Пскова стала вядома, што ў паветра ўзняліся два грузавых самалёты Іл-76 ваенна-паветранных сіл Расіі.
Адносіны між Расіяй і Літвой накаліліся, калі набылі моц санкцыі, якія абмяжоўвалі транзіт праз гэту краіну грузаў у Калінінградскую вобласць.
Пра санкцыі Расія ведала з сакавіка, але іх ігнаравала. Калі ж пачалі яны дзеіць абрынулася з пагрозамі на Літву.
Яе кіраўніцтва даводзіла, што санкцыі ўвёў Еўрасаюз, а Літва хоць і падтрымлівае іх, але з’яўляецца выканаўцам. Кіраўніцтва краіны звярнулася па падтрымку да краін захаду. Першымі адрэагавалі Нямеччына і ЗША.