Дубравенская рыўера стала месцам праменаду для многіх магілёўцаў. Але застаецца без абсталяваных месцаў адпачынку, што засмучае гараджан. І гэта сістэмная праблема для Магілёва.
Жыхары Магілёва часцяком скардзяцца на малую колькасць лавак у горадзе, нават у месцах, якія нібыта і прадугледжаны для адпачынку. Асабліва гэта адчувальна летам, калі ў спёку нагульваць кіламетры цяжка, хочацца адпачыць на свежым паветры, а не ў душных кватэрах.
Прагулка па набярэжнай Дубравенцы пацвердзіла актуальнасць скаргаў. Прытуліцца няма дзе. Ад зоны адпачынку ля возера пад праспектам Міру два кіламетры да другой саджалкі ля Быхаўскага рынку. І ніводнай лаўцы.
Прысесці можна толькі калі прынясеш дыванок з дому.
Месцаў для таго каб пасядзець вельмі мала. Увага ўлады засяроджана толькі на парку Падміколле.
Адзін з пенсіянераў пабурчаўшы на адсутнасць лавак прапанаваў браць прыклад з Гомеля. Па ягоных словах у парку Перамогі тамтэйшыя ўлады прапанавалі арганізацыям гораду зрабіць па адной лаўцы.
«У выніку там няма ніводнай падобнай! Усе лаўкі розныя, шмат прыкольных. На кожнай напісана, якая арганізацыя яе зрабіла. Вось бы нашым айцам гораду выступіць каардынатарамі такога праекту!», – адзначыў пенсіянер.