У межах праекта «Культурная спадчына Беларусі» будзе створана вялікая карта краіны, дзе кожны рэгіён будзе прадстаўлены праз яго знакамітыя традыцыі. Над рэалізацыяй праекта працуюць майстры Дамоў рамёстваў, спецыялісты клубных арганізацый, а таксама іншыя ўмельцы з усіх куткоў краіны.
Галоўная асаблівасць вышытай карты заключаецца ў тым, што на ёй будуць адлюстраваны асноўныя сімвалы матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны кожнага рэгіёну Рэспублікі Беларусь. Карта Магілёўскага краю прадстаўлена рознымі брэндамі. Гэта і «Крычаўскі канёк» Крычаўскага раёна, і «Залатая пчолка» Клімавіцкага раёна, і «Саламяныя павукі» Быхаўскага раёна, і «Блакітная крыніца» Слаўгарадскага раёна. А вось Мсціслаўшчына прэзентуецца абрадам «Варвараўская свечка» (на фота).
Адзначым, што з нагоды запуска праекта “Культурная спадчына Беларусі” ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы быў праведзены двухдзённы абласны семінар-практыкум па вышыўцы мапы Беларусі.
Работа над праектам вышыванай карты рэспублікі са славутасцямі працягнецца да пачатку вясны. Мяркуецца, што вялікая карта стане арт-аб’ектам, здольным упрыгожыць любое масавае свята, буйное культурнае мерапрыемства або нават салідную міжнародную выставу.
Фота library.mogilev.by