Паведамляецца, што чыноўнік дзеля добрай справаздачнасці падгаварыў работнікаў двух сельгаспрадпрыемстваў падаваць несапраўдную дакументацыю пра рэальны падзёж скаціны. Такім чынам першы намеснік схаваў гібель 387 галоў жывёлы – гаворыцца на афіцыйным сайце Генеральнай пракуратуры Беларусі.
“Устаноўлена, што абвінавачаны з верасня 2019 года па красавік 2022 года ў мэтах утойвання непрадукцыйнага выбыцця не менш як 387 галоў буйной рагатай жывёлы ў дзвюх гаспадарках даў указанні іх кіраўнікам унесці заведама ілжывыя звесткі і запісы ў справаздачы аб руху жывёлы. – піша пракуратура – У выніку ў іх указалі недакладную інфармацыю аб адсутнасці фактаў склону жывёл. Матыў – стварыць бачнасць эфектыўнага кіраўніцтва і спрыяльнай эканамічнай абстаноўкі на прадпрыемствах, пазбегнуць прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці.”
Суд прызначыў былому чыноўніку чатыры гады зняволення і штраф у памеры 14 тысяч рублёў. Акрамя яго, за ўнясенне ілжывай справаздачнасці пацярпелі яшчэ дванаццаць супрацоўнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Гаворка вядзецца пра Уладзіміра Карповіча, які быў прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні Глускага райвыканкама і адказным па пытаннях сельскай гаспадаркі. Карповіча прызначылі 27 жніўня 2019 года, паведамляў афіцыйны сайт раённага выканаўчага камітэта. Як бачым, адразу пасля прызначэння, пачынаючы з верасня 2019 года ён заняўся прыпіскамі і ўтойваннем.
Фота з сайта Глускага райвыканкама