На Australian Open беларускі афіцыйны сцяг забаранілі

На Australian Open беларускі афіцыйны сцяг забаранілі з-за расіян

Пасля інцыдэнту ў першы дзень адкрытага чэмпіяната Аўстраліі па тэнісе арганізатары забаранілі сцяг Беларусі з-за паводзін балельшчыкаў Расіі.  

У чэмпіянаце Аўстраліі расіяне і беларусы прымаюць удзел “на ўмовах нейтралітэту” – без указання краіны, а таксама без сцяга і гімна. А вось заўзятарам з Беларусі і Расіі першапачаткова было дазволена прыносіць сцягі, але пры ўмове, што не будзе парушэнняў і правакацый. 

У першы ж дзень турніру расійскі сцяг з’явіўся на трыбунах падчас матчу паміж расіянкай Камілай Рахімавай і ўкраінкай Кацярынай Байндль. Украінскія фанаты сцвярджаюць, што ўкраінскую тэнісістку правакавалі і дражнілі, пасля чаго яны выклікалі ахоўніка і паліцыю. Расійскія заўзятары даказваюць, што проста падтрымлівалі суайчынніцу. 

Амбасадар Украіны ў Аўстраліі заклікаў арганізатараў выконваць умовы нейтральнага сцяга для расіян і беларусаў. А некаторыя ўкраінскія тэнісісты заявілі, што не будуць паціскаць руку спартсменам з Расіі і Беларусі, калі яны рашуча не асудзілі дзеянні сваіх урадаў, а простай фармулёўкі “мы не хочам вайны” недастаткова. Бо такая фармулёўка двухсэнсоўная, яна не асуджае агрэсара і сцвярджае, што ўкраінцы таксама нібыта хочуць вайны. 

Пасля інцыдэнту татальная забарона на выкарыстанне сцягоў Расіі і Беларусі адразу ўступіла ў сілу – кажуць арганізатары турніру.