вячэрні бабруйск

На адзін дзень “ажыў” тэлеграм-канал “Вячэрняга Бабруйска”

У тэлеграм-канале “Вячэрняга Бабруйска” праз тыдзень пасля інфармацыі аб разгроме рэдакцыі з’явілася першае паведамленне.

Нагадаем, на праўрадавым тэлеканале АНТ вечарам 28 траўня 2025 года выйшла чарговая перадача праграмы “Будзе дапоўнена”. У ёй было паказана, як сілавікі ўрываюцца, у прыватнасці, у рэдакцыі незалежнага СМІ “Вячэрні Бабруйск”, знаходзяць у іх кнігу – рэкламны буклет пра Германію і шэраг дагавораў рэдакцыі аб аказанні рэкламных паслуг Амбасадзе ФРГ на прадмет публікацый пазітыўных артыкулаў аб гэтай краіне. Пасля гэтага ў Беларусі перастаў адкрывацца сайт выдання. Прачытаць яго дагэтуль не ўдаецца і з-за мяжы. 

Акрамя таго, тэлеграм-канал “Вячэрняга Бабруйска” таксама перастаў публікаваць паведамленні. Апошняе пасля тэлевізійнай праграмы об візіце КДБ было апублікавана 29 траўня 2025 года ў 16:13.

І вось 6 чэрвеня тэлеграм-канал выдання раптоўна “ажыў”. Там з’явілася інфармацыя рэкламнага характару аб продажы і ўстаноўцы кандыцыянераў у Бабруйску, аздобленая фотаздымкамі. І гэта было апошняе паведамленне на момант напісання гэтага артыкула 9 чэрвеня 2025 года.

Пакуль паведамленняў аб новым уладальніку тэлеграм-канала з колькасцю падпісчыкаў амаль на 1600 чалавек нідзе не з’яўлялася. Яго лагатып застаецца ранейшым.

Mogilev.media будзе сачыць за сітуацыяй і інфармаваць сваіх чытачоў.

Фота: тэлеграм-канал “Вячэрняга Бабруйска”