Медычныя ўстановы Магілёўшчыны рыхтуюцца да ўздыму ковіднай інфекцыі

Шэсць кіслародных газіфікатараў установяць да канца году ў больніцах вобласці. 

Падчас піку пандэміі Covid-19 у многіх гарадах Беларусі былі перабоі з кіслародам, які жыццёва неабходны для лячэння хворых. Выглядае, што цяпер улада стараецца ўлічыць памылкі, каб быць гатовай да магчымага ўздыму захворванняў. У некаторых больніцах, якія прымалі на лячэнне пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, адбываецца мадэрнізацыя больніц.

На закуп пяці газіфікатараў сродкі выдзеленыя з абласнога бюджэту, а набыць абсталяванне для вырабу медычнага кіслароду ў Касцюковіцкую больніцу дапамагла спонсарская дапамога Беларускай цэментнай кампаніі, адзначана на афіцыйным партале Магілёўскага аблвыканкаму. Кошт мэдычнай тэхнікі вагаецца ад 120 да 530 тысяч рублёў.

Паводле начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Аляксандра Старавойтава новыя ўстаноўкі запрацуюць у Бялыніцкай, Чавускай, Касцюковіцкай, Шклоўскай раённых больніцах, а таксама Бабруйскай гарадской больніцы хуткай дапамогі і Магілёўскім шпіталі інвалідаў вайны.

У прыватных гутарках магілёўскія медыкі адзначаюць, што на піку пандэміі расход кіслароду быў велічэзным. У многіх медычных установах былі з ім перабоі. Пацыенты, якім не маглі наладзіць падачу кіслароду гінулі. У больніцах, каб уратаваць больш жыццяў даводзілася змяншаць аб’ём падачы кіслароду пацыентам. 


Кісларод патрэбны для лячэння хворых з дыхальнай нястачай. У медычных установах ён выкарыстоўваецца ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі, хірургіі, рэанімацыях і ў радзільнях. Падчас лячэння каронавіруснай інфекцыі кісларод дапамагае купіраваць гіпаксію (паніжанае ўтрыманне кіслароду ў арганізме, або ў асобных органах і тканках). Калі ж пацыент не можа дыхаць самастойна, то яго пераводзяць на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Найбольш чуйныя да браку кіслароду цэнтральная нервовая сістэма, мышца сэрца, тканкі нырак і пячонкі.


У кастрычніку 2021 году ўрад у сувязі з пандэміяй каронавірусу вывозіць медычны і тэхнічны кісларод з краіны на шэсць месяцаў забараніў. У снежні 2021 году міністр аховы здароўя Дзмітры Піневіч казаў у інтэрв’ю Белта, што спажыванне медычнага кіслароду на піку захворвальнасці COVID-19 павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з даэпідэміялагічным перыядам.

Паводле Міністэрства аховы здароўя у чацвёртую хвалю каронавірусу пацыенты найбольш былі залежныя ад кіслароднай падтрымкі.

Незалежныя мэдыі пісалі, што вытворчых магутнасцяў для вылучэння медычнага кіслароду не хапала. Яго ў Беларусі вырабляе толькі акцыянернае таварыства «Крэон». Таму, ліцэнзіі на яго вытворчасць атрымалі былі прадпрыемствы, якія такую прадукцыю раней не выпускалі.