Махляры

Махляры выманілі ў пенсіянеркі дзесяць тысяч, не дапамог нават работнік банка

Супрацоўнік банка запытаў у 70-гадовай жыхаркі Магілёва, ці не тэлефанавалі ёй незнаёмыя асобы, і ці не яны папрасілі яе ўзяць крэдыт. “Не” – адказала яна, падазраючы, што работнік знаходзіцца ў змове з махлярамі.

Пенсіянерцы з Магілёва ў месэнджэры патэлефанаваў невядомы, які назваўся праваахоўнікам – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Невядомы паведаміў, што зламыснікі спрабуюць аформіць на яе крэдыт. Каб ім перашкодзіць, ёй неабходна самой узяць пазыку ў банку і адправіць нібыта на абаронены рахунак. Для пераканаўчасці мужчына нават даслаў фатаграфію свайго службовага пасведчання.

Магілявянка паверыла тэлефанаваўшаму, пайшла ў розныя банкі і ўзяла два крэдыты на агульную суму амаль 10 тысяч рублёў. Калі перад ухвалай выдачы крэдыту супрацоўнік банка паводле працэдуры праверкі пытаўся, ці не паступалі жанчыне званкі з невядомых нумароў, яна адказала адмоўна, лічачы, што ён у змове са зламыснікамі.

Усе атрыманыя грошы пацярпелая перавяла на ўказаны аферыстамі рахунак, у адказ атрымала скрыншот з інфармацыяй аб нібыта датэрміновым пагашэнні крэдыту і запэўненні, што з ёй хутка звяжуцца праваахоўнікі. Калі абумоўленыя тэрміны мінулі, яна звярнулася ў міліцыю.