Вараніно

Магілёвец ударыў міліцыянера нажом у жывот і загінуў падчас пагоні

Сямейны канфлікт завяршыўся драмай – пажылы магілёвец раптоўна напаў на ўчастковага і разбіўся на машыне, уцякаючы ад пагоні.

Выкліканы на сямейны скандал участковы міліцыянер у Магілёве стаў ахвярай нападзення – паведамляе прэс-служба абласнога Упраўлення унутраных спраў. На відэа, запісаным на відэафіксатар міліцыянера, можна пабачыць, што міліцыянер спрабаваў завяршыць сямейны канфлікт паміж мужчынай і жанчынай, выклікаўшы дадатковы нарад для затрымання кагосьці з удзельнікаў спрэчкі. У адказ на гэтае рашэнне ўчастковага 61-гадовы магілёвец раптоўна выхапіў нож і ўдарыў міліцыянера ў вобласць жывата.

Пасля нападу магілёвец спрабаваў уцячы на аўтамабілі, накіраваўшыся на поўдзень па Гомельскай шашы. Дзеля затрымання нападніка ў Магілёўскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Адна з міліцэйскіх машын пераследвала 61-гадовага магілёўца ў раёне вёскі Вараніно ў Быхаўскім раёне. Падчас пагоні аўтамабіль нападніка выкінула на сустрэчную паласу, дзе ён сутыкнуўся з карэтай хуткай дапамогі, прыпаркаванай на ўзбочыне. У аварыі магілёвец, што ўцякаў ад пагоні, загінуў – паведамляе ведамства ўнутраных спраў.

Фота: УУС