Да канца турніру Вышэйшай лігі па футболе застаецца сем тураў.
У 23-ім туры Чэмпіянату Беларусі па футболе магілёўская каманда сустракалася са “Слуцкам”. Першы гол напрыканцы першага тайма забіў паўабаронца “Дняпра” Мікіта Красноў. “Слуцк”, аднак, не толькі адыграўся, але і нанес крыўдную паразу “дняпроўцам” на 84-ай хвіліне матчу трапным ударам Кірыла Вяргейчыка.
Параза магілёўскага клуба сталя сямнаццатай у бягучым розыгрышы Вышэйшай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе. Да завяршэння чэмпіяната засталося сем тураў. На працягу турніра клуб тасаваў сціплую калоду трэнерскага штаба – як паведамлялі Магілёў.media – мяняючы галоўных рулявых паміж сабой. Вынік застаецца нязменным, “Днепр” на працягу першынства ні разу не падымаўся з апошняга радка турнірнай табліцы. У актыве каманды тры выйгрышы і тры нічыіх.
Пра гульню са “Слуцкам” выконваючы абавязкі галоўнага трэнера Яўген Молчан выказаўся са скрухай:
– Я думаю, мы не заслужылі паразы. Першы тайм сёння быў за намі, мы забілі гол, і ў нас яшчэ былі перспектыўныя падыходы. Другі тайм… Тут усё крыецца ў псіхалогіі. Мы вельмі нізка селі, прапусцілі непатрэбны гол. Хаця ў «Слуцку» былі і да гэтага моманты, у якіх яны нам даравалі. У нас нядрэнна атрымлівалася контратакаваць, і мы таксама мелі свае моманты. За першы тайм я камандзе пастаўлю добрую адзнаку, а па другім тайме… Сумна, вядома, што сёння такі вынік.