Хвароба пакінула свой цяжкі след і цалкам адужаць дзяўчынка пакуль не змагла. Каб дапамагчы сям’і, вы можаце звярнуцца ў наша выданне.
Гэтая дзівосная і ўнікальная для Беларусі гісторыя адбылася ў снежні мінулага году. Нованароджаная дзяўчынка з Магілёва на працягу першых дзён жыцця паказвала прыкметы хваробы, якую медыкі ніяк не маглі дыягнаставаць. Станоўчы тэст на каранавірус агаломшыў іх – мала хто чакаў, што немаўлятка можа захварэць на яго.
Пачаліся доўгія тыдні лячэння, якое не давала вынікаў. У спадзяванні на дзіва, блізкія нованароджанай дамагліся, каб медыкі правялі з ёй завочны абрад хрышчэння. Святара ў палату пусціць было немагчыма, таму былі выкарыстаны перададзеныя ім атрыбуты для правядзення царкоўнай таямніцы.
Рэанімацыйныя захады ў мясцовай абласной больніцы, у тым ліку штучная вентыляцыя лёгкіх, не давалі станоўчых вынікаў. Фізічна было цяжка рабіць такую працэдуру з-за мізэрных памераў дыхальных шляхоў нованароджанай.
Магілёўскія спецыялісты звярнуліся па дапамогу да мінскіх калег з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай хірургіі. З Магілёва немаўлятку транспартавалі ў Мінск. Там яе выратавалі.
У сваім інтэрв’ю БелТА дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і медычнай радыялогіі дзіцячай хірургіі Канстанцін Драздоўскі паведаміў, што гэты выпадак звярнуў на сябе ўвагу менавіта тым, што немаўляткі, як сцвярджалася, практычна не зараджаюцца каранавірусам. Сама гісторыя аказалася ўнікальнай не толькі для Беларусі, але іншых краінаў.
Як стала вядома нашаму выданню, выратаванне ад каранавіруса стала толькі першым крокам да паўнавартаснага выздараўлення дзяўчынкі. У немаўляткі не сфармаваўся глытальны рэфлекс, таму яна дагэтуль не можа жыць самастойна, без дапамогі медыкаў. Цяпер дзяўчынка разам з маці знаходзіцца ў рэабілітацыйным цэнтры.
Наша выданне мае магчымасць наладзіць кантакт з блізкімі дзяўчынкі. Ахвотным дапамагчы просім звяртацца на рэдакцыйную пошту skrynia@mogilev.media .