трафикер

Магілёўская міліцыя затрымала гандляра людзьмі, які спрабаваў вывезці беларуску з краіны

На чыгуначным вакзале ў Воршы супрацоўнікі Магілёўскага ўпраўлення па наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі затрымалі 54-гадовага замежніка. Жыхар суседняй краіны спрабаваў завербаваць дзяўчыну з Беларусі для прастытуцыі ў Расіі – паведамляе БелТА. Пра гэта прама не паведамляецца, але раз справай займаліся праваахоўнікі з Магілёўскай вобласці, можна зрабіць выснову, што з нашага рэгіёна паходзіць і магчымая патэнцыйная ахвяра гандлю людзьмі.

Зараз мужчына, якога паводле прафесійнага лексікона называюць трафікёрам, затрыманы. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сваіх магчымых кліентак для далейшага перапродажу ён знаходзіў у інтэрнэце, абяцаючы высокія даходы. Якія дакладна – можна зразумець па аналагічнай гісторыі, што адбылася ў Магілёве два гады таму. Тады праваахоўнікі затрымалі сямейную пару трафікёраў з Расіі, якія заваблівалі двух магілёўскіх дзяўчат займацца прастытуцыяй, абяцаючы ім заробак у 5 000 даляраў – пісалі mogilev.media.

Фота: БелТА