У Беларусі міліцыя ўзяла на сябе ролю галоўнага «працадаўцы». У прамым і крыху гратэскным сэнсе слова.
Калісьці я думаў, што адзінае, чаго можа запатрабаваць міліцыя — гэта дакументы. Цяпер жа яны патрабуюць… занятасці. Так, шаноўныя, у Магілёве новы трэнд: калі ты не працуеш, табой зацікавіцца не HR-служба, а УУС. І не з прапановай вакансій, а з позвай — абавязковай, як штраф за паркоўку ў недазволеным месцы.
Магілёў дае прыклад таго, як лёгка ператварыць сацыяльную праблему ў крымінальную. Калі няма эканомікі — ствары «правапарушэнне». Калі людзі без працы — зрабі выгляд, што гэта іх злачынства.
І вось ужо сотні магілёўцаў, замест таго каб шукаць працу, шукаюць юрыстаў. Уявіце сабе такі сцэнар: ранкам вам тэлефануе чалавек, прадстаўляецца супрацоўнікам міліцыі і ветліва просіць прыйсці… «для тлумачэння адносна вашага сацыяльна-эканамічнага статусу». Нібыта вы не чалавек, а міжраённая статыстыка.
Так выглядае рэальнасць для магілёўцаў, якія не могуць пахваліцца запісам у працоўнай кніжцы. І не таму, што яны дармаеды. Хтосьці згубіў працу пасля аптымізацыі (гэта калі цябе скарачаюць, каб кіраўніцтва атрымала прэмію), хтосьці не можа ўладкавацца, бо на мясцовы завод бяруць толькі з вопытам на тым жа заводзе, хтосьці быў звольнены за тое, што падпісаўся за Бабарыку.
А міліцыя — працоўная, актыўная, ініцыятыўная — не спіць. Вось яны ўжо і складаюць спісы «сацыяльна небяспечных элементаў». І не, гэта не тыя, хто збівае людзей на джыпах ці крадзе бюджэт — гэта ты, Іван, які тры месяцы шукае працу і падпрацоўвае кур’ерам у «Вайлберыз».
Найцікавейшае пачынаецца, калі ты, у сваёй недасканаласці, раптам не з’яўляешся на так званыя прафілактычныя мерапрыемствы. Тут дзяржава дэманструе, што яна ўсё яшчэ можа быць пяшчотна-жорсткай. У лексікон уключаюцца «меры адміністрацыйнага ўздзеяння», якія пры пэўнай недысцыплінаванасці (ці проста няўдалых абставінах) могуць выліцца ў штраф да 84 рублёў, грамадскія працы або нават арышт. Няйначай, як уласны падатак на няўдачу.
У выніку міліцыя становіцца чымсьці накшталт савецкага аддзела кадраў, але з дубінкай замест тэчкі. «Значыць, вы не працуеце? А чаму? А што вы робіце са сваёй свабодай?». Працаўладкаванасць — новая форма лаяльнасці, і кожны, хто выпадкова выпаў з працоўнай вертыкалі, рызыкуе апынуцца ў статыстыцы, якую апрацоўваюць людзі ў пагонах.
І ўсё гэта адбываецца на фоне рапартавання пра рост: інвестыцый, экспарту. Праўда, гэты рост не заўсёды бачны з чаргі ў цэнтры занятасці, дзе табе прапануюць альбо мыць падлогу за базавую, альбо… наведаць інспектара міліцыі.
І я вось думаю: можа, і сапраўды мы занадта недаацэньваем ролю міліцыі ў эканоміцы? У часы, калі рэальны рынак працы падобны да раздзела вакансій у сельскай газеце, толькі сілавікі і могуць «забяспечыць занятасць» — хаця б праз страх. Але ці гэта тая мадэль развіцця, якой варта ганарыцца?
Можа, хутка нас будуць прызначаць на працу разам з атрыманнем пашпарта? І ці не будзе наступным крокам крымінальная адказнасць за «жаданне самарэалізавацца па-за межамі плана міністэрства эканомікі»?
Гэта ўжо нават не сацрэалізм — гэта абсурд, накшталт працы па разнарадцы ў тэатры ценяў. Толькі цені гэтыя — нашыя надзеі на нармальнае, чалавечае жыццё.
Якуб Ясінскі
Фота: mstlife.by