У магілёўскую міліцыю звярнуўся 36-гадовы гараджанін. Ён паскардзіўся, што яго бутэлькай па галаве ўдарыў незнаёмец. Такія выпадкі ў Магілёве здараюцца час ад часу.
Як піша блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, да мужчыны на ганку крамы падышоў хлопец і папрасіў закурыць. Але замест таго, каб проста адмовіць, магілёвец яшчэ і “паслаў” 23-гадовага мінака. Такі адказ нецвярозага маладога чалавека не задаволіў. Слоўны канфлікт перарос у бойку. Нястрыманы хлопец дастаў бутэльку гарэлкі і ўдарыў апанента па галаве. Затым сеў у таксі і як ні ў чым не бывала з’ехаў. Пацярпелы набраў 102. За асабліва злоснае хуліганства ўзбуджаная крымінальная справа.
Падобныя выпадкі ў Магілёве не тое што занадта частыя, але і зусім рэдкімі іх не назавеш. Так, у 2018 годзе ў адным з супермаркетаў Магілёва па вуліцы Грышына за сваю няспрытнасць жанчына паплацілася ударам бутэлькай па галаве ад мужчыны, які стаміўся чакаць даму, якая корпаецца ў сумцы. Удар прыйшоўся па шыі пацярпелай. Пра гэта пісала выданне “Наш Гомель“.
У 2017 годзе, як пісала “Комсомольская правда” 29-гадовы жыхар Магілёва, будучы ў стане алкагольнага ап’янення ў таксі, падчас руху нанёс удар шкляной бутэлькай па галаве кіроўцу. Пацярпелы аказаў актыўны супраціў нападніку і паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.
Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (pixabay.com)