Маці забітай пад час ракетнай атакі на Вінніцу 4-гадовай Лізы расказалі пра ейную смерць. Цяпер жанчына ў больніцы. Два дні ёй асцерагаліся казаць, што Ліза забіта.
14 ліпеня пад абстрэл Ірына Дзмітрыева і Ліза трапілі, калі ішлі на развіццёвыя заняткі. Дзіця мела сіндром Дауна. За паўтары гадзіны да трагедыі яны запісалі відэа пра свой паход.
“Усяму свету ўсё роўна. Ён на нас проста глядзіць і не абараняе. Колькі разоў мы прасілі закрыць неба. А свет проста глядзіць, як Украіну забіваюць. Як забіваюць нашых дзяцей, салдат, людзей <…> каб абараніцца ад гэтага тырана, таму што калі не мы — ён пойдзе далей і ўсё знішчыць, усё”, — кажа шакаваная навіною жанчына.
Ліза стала першым дзіцём, знойдзеным на месцы трагедыі. Выратавальнікі апублікавалі фота з Лізіным вазком і адарванай часткай канцавіны маці.
Дзіця загінула імгненна на дарозе. За жыццё ейнай маці змагаліся лекары. Ёй адарвала нагу і яна знаходзілася ў рэанімацыі.
Расійскія войскі атакавалі цэнтр Вінніцы раніцай. Загінула да 24 чалавек. Шпіталізаванымі застаюцца 68 пацярпелых, сярод іх 4 дзяцей. Чацвёра чалавек лічацца «зніклымі без звестак».