На сельскім сходзе ў аграгарадку Мілаславічы пад Клімавічамі прагучалі нечаканыя
звесткі.
Падчас сходу старшыня Мілаславіцкага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай
Людагоўскі агучыў колькасць асацыяльных асоб на тэрыторыі сельсавета – 125
чалавек – піша газета “Родная ніва”.
І гэтая лічба ўражвае, бо ўсяго ў сельсавеце 12 населеных пунктаў і 893 жыхары (на
1.01.2022 года). Сярод жыхароў 511 чалавек працаздольнага ўзросту, 228 пенсіянераў.
Дык вось атрымліваецца, што з 739 чалавек дарослых – 125 асацыяльных тыпаў, што
выглядае зашмат, бо гэта 17% насельніцтва, а калі ад працаздольнага – амаль усе
25%.
У цэлым асацыяльнасць паводзін на вёсцы нарастае, разам з нарастаннем
сацыяльна-эканамічных праблем. Раней некаторыя эксперты казалі аб долі
асацыяльных элементаў да 7-10%, але ў Міласалавічах мы бачым іншыя лічбы, няхай
гэта не 25%, а 17%, усё роўна гэта страшная статыстыка.
Наша даведка. Мілаславічы – старое пасяленне, за 23 кіламетры ад райцэнтра,
вядомае з ХVІ стагоддзя. У аграгарадку 210 двароў, 504 жыхары. У 1773–1777 гадах
мела статус горада, у 1784-1935 гадах – мястэчка. Былі значным і ўплывовым
мясцовым культурна-гаспадарчым цэнтрам і ў 1924–1927 гадах цэнтрам
Мілаславіцкага раёна. Мілаславічы былі ў 1943 годзе спалены фашыстамі, пасля
вайны адноўлены.
Фота: “Родная ніва”