На канечнай аўтобуснага маршрута раніцай у нядзелю 20 снежня засталіся паўтара дзясяткі чалавек, да якіх так і не даехаў аўтобус.
Вадзіцель палічыў, што дарога недастаткова расчышчаная, і пасля вёскі Чэрнеўкі развярнуў свой транспарт і скіраваў назад у Магілёў. Пасажыры з Чэрнеўкі патэлефанавалі жыхарам Белай і папярэдзілі, каб тыя дарэмна не чакалі, не мерзлі на марозе – аўтобус не прыйдзе да іх, ён з’ехаў у абласны цэнтр.
Вёска Белая знаходзіцца ў Дрыбінскім раёне і ляжыць у шасці кіламетрах ад трасы, якая вядзе з Магілёва ў Дрыбін. Сюды наладжаны штодзённы ранішні рэйс з абласнога цэнтра. У нядзелю многія жыхары вёскі збіраліся наведаць Магілёў – шмат у каго гэта адзіны выхадны, трэба было і ў аптэку, і ў крамы – піша раённая газета “Савецкая вёска”.
Педагог мясцовай школы Святлана Бялова расказала выданню, што па дарозе той раніцай ездзілі і легкавыя аўтамабілі, і хуткая, і транспарт сельгаспрадпрыемства. А літаральна хвілін праз 10-15 пасля званка аб тым, што аўтобус паехаў назад у Магілёў без пасажыраў з Белай, прыехала снегаўборачная тэхніка дарожнікаў і расчысціла праязную частку. Святлана, як і іншыя пасажыры, упэўнена, што калі б вадзіцель патэлефанаваў свайму кіраўніцтву і паведаміў аб сваіх асцярогах, а яно звязалася б з кіраўніцтвам дарожнай службы раёна або ўладай, то сітуацыя не была б такой драматычнай. Тым больш, што праехаць можна было першапачаткова. А за гэты час, пакуль аўтобус ехаў бы да Белай ад Чарнеўкі, якраз бы яго дагнаў у шляху спецтранспарт дарожнай службы.
Такім чынам, кіроўца аднаасобным рашэннем пазбавіў 15 вяскоўцаў магчымасці прыехаць у абласны цэнтр па сваіх справах, у кагосьці – па неадкладных. Цяпер трэба чакаць тыдзень да наступнай нядзелі.
Фота ілюстрацыйнае