Жыхары Дрыбінскага раёна актыўна пераходзяць на электраацяпленне — зручна, экалагічна, эканамічна. Але ёсць істотныя нюансы і іх мноства.
Пераход на электраацяпленне — дзяржаўны прыярытэт. У апошнія гады Беларусь актыўна развівае сваю энергетычную інфраструктуру, асабліва пасля запуску БелАЭС. Сёння дастаткова падключанай сістэмы і стабільнага электразабеспячэння — і сучасныя канвектары ці «цёплыя падлогі» можна кантраляваць нават праз смартфон, сцвярджае дрыбінская раённая газета “Савецкая вёска” і рэкламуе электраацяпленне, акцэнтуючы ўвагу на яго перавагах:
- не трэба купляць дровы ці вугаль;
- не трэба сачыць за катлом;
- няма неабходнасці падводзіць газ.
Да гэтага дадаюцца і іншыя плюсы: бяспека, экалагічнасць, таннасць. Але не ўсё так проста: на прыкладзе Дрыбінскага раёна відавочна, што не кожны ахвотны зможа перайсці на электраацяпленне. Прычына — недахоп магутнасці на лініях і… наяўнасць магчымасці газіфікацыі.
Тым, чые дамы стаяць у зонах, дзе праходзіць, альбо можна пракласці газаправод, пераход на электраацяпленне можа абысціся значна даражэй. Такія спажыўцы не маюць права карыстацца льготнымі тарыфамі на электраэнергію і мусяць аплачваць яе па агульных, завоблачных тарыфах.
Да таго ж, не ўсюды хапае магутнасцей ліній электраперадачы для такога пераходу.
Вось як гэта выглядае ў Дрыбінскім раёне:
- 127 абанентаў атрымалі тэхнічныя ўмовы для падключэння электраацяплення;
- 121 дом ужо падключаны;
- 5 жыхарам адмоўлена — з-за недастатковай магутнасці электрасеткі.
Яшчэ адна лыжка дзёгцю ў бочцы мёду электраацяплення: спецыялісты РЭС не займаюцца ўнутраным мантажом — толькі праектаванне і падключэнне да знешніх сетак. Усё астатняе — праблема самога гаспадара.
Фота: “Савецкая вёска”.