На Падміколлі, каля адноўленай Пакроўскай царквы чытачы Магілёў.media
заўважылі агромністую, нядаўна выкапаную экскаватарамі яму.
Уся гэтая тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону – адзначылі ў прыватнай гутарцы спецыялісты па ахове спадчыны – і любыя земляныя работы тут, на глыбіні большай за 60 сантыметраў, павінны суправаджацца археалагічным наглядам. Як можна пабачыць на фотаздымках, катлаван мае глыбіню каля 1,5-2 метраў.
Прысутнасць археолагаў на мясцовасці заўважаная не была, затое на паверхні гары з выкінутым у ходзе работ культурным слоем нашы чытачы заўважылі нямала артэфактаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Асаблівую цікавасць выклікала плітка з крыжападобнай выявай, якая магла выкарыстоўвацца для пакрыцця падлогі ў памяшканнях арыгінальнай Пакроўскай царквы.