Як выглядаюць кватэры, якія збываюць з аўкцыёну ў Бабруйску. Яны палохаюць занядбанасцю

Бабруйскія ўлады абвясцілі аб продажы з электронных таргоў васьмі “арыштаваных”  кватэраў. Большасць з іх занядбаныя.

Жытло мае патрэбу ў грунтоўным рамонце і адносіцца да так званага «старога жылога фонду», піша рэсурс Realt.by.

Кватэры адыходзяць у гарадскую ўласнасць з розных прычын: з-за адсутнасці спадчыннікаў, канфіскацыі, працяглай неаплаты камунальных паслугаў.

Найчасцей, прадаюць кватэры, ранейшыя ўладальнікі якіх апынуліся ў сацыяльна небяспечным стане з-за з алкагольных або псіхічных праблем. У выніку, яны не могуць падтрымліваць кватэры ў належным стане, аплачваць камуналку і жытло арыштоўваецца. Апошнім часам, такіх выпадкаў паболела.


Арыштоўваюць кватэру, калі іншыя спосабы пагашэння запазычанасці выключаныя: адсутнічае дастатковы даход, аўтамабіль, банкаўскія ўклады і іншае. Калі запазычанасць за пэўны час не пагашаецца, то жытло прадаюць з таргоў.


Большасць выстаўленых на продаж кватэраў знаходзіцца ў гістарычнай частцы гораду, а некаторыя наагул месцяцца на пешаходнай вуліцы Бабруйску. Шукаюць пакупнікоў для аднапакаёвак і двухпакаёвак. Іх стартавы кошт не высокі праз занядбанасць.

Прыкладам, кватэра плошчай 33 «квадраты» на Сацыялістычнай, 81 усяго ў 80 метрах ад – знакамітага бабруйскага «Бабра» першапачаткова выстаўлена за 15,1 тысячы рублёў.

Кампактная аднапакаёўка плошчай 26 «квадратаў» на Сацыялістычнай, 91 пачаткова прапануецца за 16,9 тысячы рублёў.

Двушка на вуліцы Маскоўскай, 58 (цэнтр Бабруйску) плошчай 43 «квадрата» у гнятлівым стане выстаўлена коштам 23,5 тысячы рублёў.

Самая эканамічная прапанова – 11,6 тысячы рублёў за 29-метровую кватэру з верандай у прыватным доме на вуліцы Камуністычнай, 53. Гэта недалёка ад чыгункі і цэнтру гораду.

У Бабруйску кошт «дагледжаных» кватэраў на другасным рынку жытла значна вышэйшы. Напрыклад, цана аднапакаёвай сягае 39 тысяч рублёў, а двухпакаёўкі – 50 тысяч рублёў.

фота: static.bobr.by