Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Іван Карабельнікаў, Арцём Калашук, Барыс Кайзер, Дзмітрый Крывулька, Сяргей Ананьеў, Яўген Ліцкевіч, Уладзіслаў Шалабанаў, Сяргей Сясіцкі, Віталь Грыгаль, Аляксандр Пугач, Сяргей Скакун, Павел Варапай.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Аляксей Сянько

Асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы паведамляюць, што Гродненскі абласны суд абвінаваціў Сянько ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».

Сянько прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем. У няволі яго ўтрымліваюць ад 29 верасня 2021 году.

 Нагодай для яго крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Вера Валністая

Асуджаная да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Паводле праваабаронцаў, 31-гадовую жанчыну абвінавацілі ў « дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

8 жніўня яе прысудзілі былі 2 гады «хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады». Яна мусіць сплаціць пацярпеламу 32000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Праваабарончай супольнасцю Валністая прызнаная палітзняволенай. Па агучванні выраку яе вызвалілі ў залі суду.

Уладзімір Целяпун

На ўжо асуджанага на 10 дзён арышту складзеныя яшчэ тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Праваабаронцы, калегі Целяпуна, пішуць, што яму інкрымінуюць «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дзмітрый Стасевіч

Затрыманы.

Пра тое паведамляюць праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы. У іх яго называюць «актывістам аднаго з дваравых чатаў».

Стасевіч у «пакаяльным відэа» кажа, што хадзіў на Маршы, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.