Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
13 месяцаў праваабаронцаў утрымліваюць за кратамі. Усе трое праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі.
Іх зняволілі 14 ліпеня 2021 году і выставілі абвінавачванне ў «нясплаце падаткаў у буйным памеры».
Днямі Алесь Бяляцкі даслаў вестку з няволі.
«У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе – больш-менш. Цяпер – лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і не будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны», напісаў ён.
Праваабаронцы заклікаюць дасылаць зняволеным калегам лісты падтрымкі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу).
Мікалай Статкевіч.
На паўгода пераведзены ў адзіночную камеру.
Пра тое стала вядома з допісу жонцы Марыне Адамовіч. Паводле яе за паўтара месяца ад мужа атрымала адразу два лісты.
Яна кажа, што яго кінулі ў адзіночку 5 жніўня у якасці пакарання.
Мікалая Статкевіча арыштавалі 30 траўня 2020 года і асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў асаблівага рэжыму. У чэрвені 2022 году яго перавялі з гомельскага СІЗА ў Глыбоцкую калонію.
Яўген Кіслейка.
Паводле праваабаронцаў, пераводзяць з «хіміі» у папраўчую калонію.
Да этапавання туды яго будуць утрымліваць у мінскім СІЗА №1.
35-гадовы Кіслейка адбываў пакаранне ў сталічнай папраўчай установе адкрытага тыпу № 36, куды прыбыў 9 верасня 2021 года.
Яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі за крытычны каментар на адрас кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова. У допісе ўгледзелі «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».