20 снежня 1522 года Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І даў дазвол князю Юрыю Гальшанскаму-Дубравіцкаму на заснаванне мястэчка Глуск-Дубравіцкі.
Сам Глуск быў вядомы з XIV стагоддзя, калі ў 1396 годзе Вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў Глуск і Глускую воласць у валоданне князя Івана Гальшанскага. Сёння гэтае месца называюць вёска Гарадок, яна размешчана ў 18 км ад сучаснага Глуска.
У 1522 годзе Юрый Гальшанскі-Дубравіцкі пабудаваў драўляны замак з абарончым валам, драўлянымі вежамі, уздымным мостам над глыбокім ярам на высокім беразе ракі Пціч. Так быў закладзены новы сучасны Глуск, якому Вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт II Аўгуст у 1525 г. даў грамату на правядзенне кірмашу ў горадзе, што паскорыла тэмпы развіцця паселішча.
Глуск-Дубравіцкі з’яўляецца на картах з XVI стагоддзя. Так, Глуск ёсць на карце Еўропы 1555 года нямецкага картографа Каспара Фопеля, на карце ВКЛ 1613 года Томаша Макоўскага.
Па звестках кнігі “Памяць. Глускі раён”, у 1551 годзе ў Глуску налічвалася 124 дамы. Цэнтральная вуліца называлася Вялікая. Яна мела ўмацаванне і адны вароты – Слуцкую браму. У той час побач з замкам стаялі дом на падклецці, канюшня, свіран, камора, пякарня, кухня, лазня. На рынку, які размяшчаўся каля Пцічы, знаходзілася карчма і 12 крам.
У дамове 1571 года паміж князямі Заслаўскімі і Настассяй Чартарыйскай аб падзеле маёнтка Глуск названы некаторыя размешчаныя тут пабудовы: драўляны замак з трыма вежамі і 34 гароднямі (гародня – гэта прамавугольны зруб з бярвення ці брусоў, тып абарончага збудавання ў Х – ХVІІІ стст.). На замкавым дзядзінцы стаялі чатыры свірны, дом на падклецці з дзвюма святліцамі, каморай і сенцамі ды іншыя збудаванні.
У 1628 годзе ў Глуску была пабудавана праваслаўная царква, крыху пазней – касцёл бернардзінцаў. У 1638 годзе ў мястэчку ўжо было 14 вуліц і 331 зямельны ўчастак, дзве царквы ўніяцкія, трэцяя – праваслаўная. Жылі ў мястэчку пераважна мяшчане, слугі феадала, яго падданыя, многія з іх паходзілі з сялян. Сярод мяшчан былі даволі багатыя гандляры, рамеснікі, якія мелі вялікія зямельныя надзелы.
У XVI – XVIII стагоддзях ўладальнікамі Глуска і замка былі князі Гальшанскія, Чартарыйскія, Палубінскія, Радзівілы, Юдыцкія. Замак існаваў да канца 18 стагоддзя.
Так распачалася гісторыя Глуска на яго сённяшнім месцы.