Свет пабачыў самы гарачы тыдзень за ўсю гісторыю метэаралічных назіранняў.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што «змены клімату выйшлі з-пад кантролю», паколькі неафіцыйны аналіз дадзеных паказаў, што сярэднія сусветныя тэмпературы за сем дзён да мінулай серады былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў – піша The Guardian.
«Я думаю, што мы рухаемся да катастрафічнай сітуацыі, як дэманструюць два апошнія тэмпературныя рэкорды» – сказаў Антоніу Гутэрыш, маючы на ўвазе сусветныя тэмпературныя рэкорды, пабітыя ў панядзелак і аўторак.
Сярэдняя глабальная – па ўсім свеце – тэмпература паветра ў аўторак склала 17,18 градусаў па Цэльсію, перасягнуўшы 17,01, адзначаныя ў панядзелак.
«Хутчэй за ўсё, ліпень будзе самым цёплым за ўвесь час, а разам з ім і самым гарачым месяцам за ўвесь час… «за ўвесь час», гэта значыць з часоў Ээмія [міжледавіковага перыяду], які адбыўся каля 120 000 гадоў таму» – сказаў доктар Карстэн Хаўштэйн, навуковы супрацоўнік у галіне атмасфернай радыяцыі ў Лейпцыгскім універсітэце.
Самыя розныя часткі свету перажываюць хвалі спякоты, і ў чацвер служба маніторынгу клімату ЕС заявіла, што ў мінулым месяцы ў свеце быў самы гарачы чэрвень за ўсю гісторыю.
Выключна мяккая зіма ў Антарктыцы найбольш спрыяла рэкордам цяпла на гэтым тыдні. Тэмпература некаторых частак кантынента і блізкага акіяна была на 10-20 градусаў вышэй, чым у сярэднім з 1979 па 2000 год.
«На гэтым тыдні тэмпература над акіянам і асабліва вакол Антарктыкі была незвычайнай, таму што франты ветру над Паўднёвым акіянам моцна штурхаюць цёплае паветра глыбей на поўдзень» – сказаў Рагу Муртугудэ, прафесар навукі аб атмасферы, акіяне і зямных сістэмах з Універсітэта Мэрыленда.
Фота: BBC