Фотаальбом Магілёў.media. У памяць пра загублены зялёны фонд гораду

Дрэвы не перажыўшыя кранаваньня і солі паўсюдна ў Магілёве.

Серыя фотаздымкаў з паміраючымі дрэвамі трапіла ў паштовую скрынку Магілёў.media без пазначэння аўтарства. Фота зробленыя ў розных мясцінах абласнога цэнтру. На большасці з іх расліны з прыкметамі кранаваньня.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іхныя аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.


Аўтар ліста з роспаччу адзначае, што на магілёўскіх вуліцах, уздоўж праезнай часткі ды і ў дварах дрэвы не перажылі кардынальнага абразання галля.

Цяпер яны чэзнуць з рэдкай кронаю, якая не ратуе ад спёкі, піша ён.

У 2019 годзе за кардынальнае кранаванне дрэў у горадзе, паведамляла тэлерадыёкампанія «Магілёў», да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнуты 18 службовых асоб. Пракуратура вобласці тады праверыла азеляненне гораду і выставіла масу прэтэнзіяй.

Навукоўцы даказалі, што «амалоджванне дрэў», як тое рабілася ў абласным цэнтры, згубна адбіваецца на раслінах і нават прыводзіць да іх гібелі.

Пасля гэтага актыўнасць камунальнікаў у абразанні галля зменшылася, але не спынілася зусім.

Па словах гараджанаў забівае дрэвы і «бяздумна бязмернае» пасыпанне дарог узімку соллю. Яна трапляе пад дрэвы, а ўвесну ўсмоктваецца каранямі. Такі кактэйль згубны для раслін.

Статыстыкі адносна колькасці загубленага зялёнага фонду ў Магілёве няма. Аднак, кожны гараджанін, можа на ўласныя вочы пабачыць наступствы варварскага абыходжання з раслінным светам гораду. Проста паглядзіце на дрэвы.

Тым часам, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўгледзела найлепшае азеляненне гарадоў і на Магілёўшчыне. Па стане на 1 студзеня 2022 года сярэдні ўзровень азелянёнасці паселішчаў у рэгіёне быў 45% пры нарматыве ў 40% ад агульнай плошчы.

Паводле кіраўніка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Корбута за першыя пяць месяцаў у беларускіх гарадах і сельскай мясцовасці высадзілі 363 тыс. дрэў і 195 тыс. кустоў. Акрамя таго адрамантавана больш за 1 тысячу кантэйнерных пляцовак для збору адходаў ды знесена звыш 1,1 тыс. пустых старых жылых дамоў.