У Магілёве дзе ні дзе абноўленая сацыяльная рэклама на білбордах. Тое заўважылі чытачы Магілёў.media і як пацверджанне даслалі серыю фотаздымкаў.
У бальшыні ж сваёй, пішуць іхныя аўтары, вялікія плакаты засталіся з мінулых гадоў. Некаторыя ўжо і не такія кідкія, як раней, бо выпаленыя сонцам.
Прызначэнне сацыяльнай рэкламы на білбордах, прызнаюцца магілёўцы, ім не зразумелая. У эканоміцы праблемы, людзі бяднеюць і занятыя зусім не разглядваннем таго, што расстаўлена на вуліцах.
Некаторыя з карцін выклікаюць іронію. Напрыклад пра падтрымку малога бізнесу дзяржавай. На іх паветраныя шары. Не сакрэт колькі прадпрымальнікаў цяпер з’язджае з краіны, не бачачы на радзіме перспектываў для развіцця ды і боязь, што не ўдасца ўратаваць заробленае. А паветраныя шары, як бы і сімвалізуюць тыя ўцёкі.
А плакаты з сэрцайкам, якія, паводле задумы, меліся разварушыць у грамадзяніна патрыятычныя пачуцці да Магілёва, Беларусі, нібы, ужо і забытыя. Білборды з імі сіратліва стаяць на перакрыжаваннях дарог і ўдалечыні ад людных месцаў, прыкрываючы сабою далягляд.
А, вось, сацыялка з беларускай моваю, тая, што заклікала гаварыць беларуса на сваёй нацыянальнай мове, знікла, падкрэсліваюць аўтары лістоў. Яе прыбралі, нібы, адным днём.
У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іхныя аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.