Фотаальбом Магілёў.media. Цэнтральны батанічным сад вачыма магілёўца

Жыхар Магілёва наведаў у Мінску Цэнтральны батанічны сад і так уразіўся ўбачаным, што даслаў у Магілёў.media серыю фотаздымкаў. Яны папоўнілі калекцыю фотаальбому.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іхныя аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.


Пра мясціну, аўтар ліста піша, што гэта найбуйнейшы ў краіне цэнтр захоўвання біяразнастайнасці. Батанічны сад – помнік прыроды рэспубліканскага значэння і ландшафтнай архітэктуры. У гэтай установе займаюцца навуковай дзейнасцю, звязанай з вывучэннем раслін. Тут створаны генафонд раслін з больш чым 15 тысячамі найменняў. Ён — нацыянальны набытак Беларусі.

Магілёвец батанічны сад называе аазісам, які ратуе ў спёку. На ягоную думку, прыцягальным для наведнікаў у такую пару будзе Лебядзінае возера. У ім забаронена купацца, папярэджвае чытач. Колькасць птушак ды рыб, якія добра бачныя ў тоўшчы вады, не пакінуць абыякавым нікога, перакананы ён.

Уразяцца наведнікі цяністымі алеямі з нябачанымі ў беларускай прыродзе дрэвамі і кустамі, піша далей аўтар ліста.

Прадстаўлены, адзначае ён на заканчэнне, у Батанічным садзе свет тропікаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі ды Азіі. У гэтым кутку растуць ліяны, фікусы ў суседстве з гіганцкай бананавай травой ды кактусамі. Расліны дапаўняюць прадстаўнікі фаўны – чарапахі, папугаі ды рыбы.