Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” збярэ больш за 900 удзельнікаў. Аднак творчыя калектывы і выканаўцы прадстаўлены толькі чатырма краінамі: Беларусь, Расія, Узбекістан і Кыргызстан.
Удзельнікі 21-га фестываля прадставяць сваю творчасць у трох жанрах – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Кожны напрамак падзелены на асобныя намінацыі. Дзеці выступяць у трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў) і старэйшая (16-18 гадоў).
Узельнікаў з іншых краін катастрафічна мала, бо ў папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел выканаўцы з Польшчы і Украіны, краін Балтыі і Малдовы. А часам у Клімавічы даязджалі нават удзельнікі з Германіі, Фінляндыі, Сербіі, Славакіі, Чэхіі і Румыніі.
У першы дзень “Залатой пчолкі” будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
У другі дзень фестывалю адбудзецца конкурснае праслухоўванне ўдзельнікаў. У 20:30 удзельнікі і госці “Залатой пчолкі” збяруцца на святочнае адкрыццё фестывалю, а завершыцца дзень святочным феерверкам – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.
У суботу, 3 чэрвеня, пройдуць круглыя сталы з удзелам чальцоў міжнароднага журы фэсту. Будуць працаваць розныя тэматычныя, гульнявыя пляцоўкі. Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю і гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Будзе арганізаваны конкурс “Малюнак на асфальце”. Увечары адбудзецца канцэртная праграма творчых калектываў Клімаўшчыны.
У нядзелю, 4 чэрвеня, у гарадскім парку пачнуць працаваць творчая і выставачна-гандлёвая пляцоўкі. Свае экспазіцыі прадэманструюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў раёна. Будзе арганізавана спартыўна-забаўляльная праграма – інфармуюць пра штогадовы фестываль “Магілёўскія ведамасці”.
Падрабязную праграму XXI Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці
«Залатая пчолка» вы зможаце паглядзець па гэтай спасылцы.
Фота з адкрытых крыніц.