Міжнародны дзень глухіх (International Deaf Day, з 1951 года) адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю верасня. Устаноўлены ў гонар утварэння Сусветнай Федэрацыі глуханямых.У свеце зараз кожны дзявяты чалавек мае праблемы са слыхам. Прычыны гэтага самыя розныя: наступтвы хваробы, няшчасных выпадкаў, прыроджаныя заганы. Глухімі былі вядомыя ў свеце асобы: пісьменнік Віктор Гюго, кампазітар Людзвіг ван Бетховен, мастак Антоніа Станьёлі, скульптар Клод-Андрэ Дэсен, філосаф Жан-Жак Русо.
Сусветны дзень лёгкіх (World Lung Day). Правільнае дыханне – гэта адна з галоўных умоў існавання ўсяго жывога. Здароўе лёгкіх і іншых органаў дыхальнай сістэмы – аснова чалавечага дабрабыту.
Нажаль, дыхальная сістэма чалавека не заўсёды спраўляецца са сваімі функцыямі і выконвае адведзеныя ёй самой прыродай задачы. У гэтым выпадку гаворка можа ісці аб разнастайных захворваннях органаў дыхання, у прыватнасці, лёгкіх.
Дыхальныя паталогіі займаюць трэцяе месца ў рэйтынгу самых распаўсюджаных. Варта памятаць, што смяротна небяспечнай можа стаць любая лёгачная паталогія.
1765 год. Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі.
Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар. Адзін з лідараў паўстання Т. Касцюшкі.
Аўтар 20 паланезаў, у тым ліку “Паланэзу Агінскага” (“Развітанне з Радзімай”), шматлікіх маршаў, вальсаў, мазурак, рамансаў, опер, 4-томных «Мемуараў пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 года», трактату «Лісты пра музыку».
У Фларэнцыі, на доме, дзе ён жыў, адкрыта мемарыяльная дошка. У яго маёнтку Залессі створаны «Музей-сядзіба М. К. Агінскага». У Маладзечне імя кампазітара носіць музычны каледж,тамжа ўстаноўлены помнік.
1875 год. Нарадзіўся Сяргей Паўловіч.
Публіцыст, грамадскі і культурны дзеяч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.
Адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Аўтар прац па самаадукацыі і хатнім выхаванні, культурна-асветнай рабоце, рэлігійнай адукацыі.
Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 гадах.
Выдавец дзіцячага часопісу «Снапок».
С. Паўловіч у першым радзе другі справа
1906 год. Нарадзіўся Дзмітрый Шастаковіч.
Савецкі кампазітар і грамадскі дзеяч. Беларус па бацькоўскай лініі.
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Народны артыст СССР.
Адзін з найбуйных кампазітараў XX стагоддзя. Аказаў вялізны ўплыў на развіццё сусветнай музычнай культуры.
1913 год. Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі.
Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск.
Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.
Вязень ГУЛАГу.
Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей, успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.
Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам.
У выраі ветразь знікае
За хваляй, нібы на спачын,
І змора яго не злякае,
Не спыніць тугой далячынь.
У змроку зіхоткая здрада
Завабіць хлуснёй у віры,
На золку сканае прынада
І кволы прамень на жвіры.
Раптоўна згаданыя мроі
У карунках пяшчотнай тугі
Павольна знікаюць, як строі,
У бязважкасці кволай смугі.
Знікае ўсхвалёваны ветразь:
З кунегаю пільна сачу,
Як водар аздобіў паветра,
І ў бездані знічкі лічу.
1938 год. Нарадзіўся Вячка (Вячаслаў) Целеш.
Беларускі мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі.
Дырэктар беларускай школы ў Рызе.
Старшыня суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», намеснік старшыні таварыства беларускай культуры «Світанак».
Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў экслібрысе. Аўтар шэрагу прац, прысвечаных беларускім дзеячам В. Дуніну-Марцінкевічу, С.Панізніку, Ф.Скарыне, М.Багдановічу, А. Мальдзісу і іншым.
Аўтар тэкстаў і складальнік кніг «Мінск на старых паштоўках», «Гарады Беларусі на Старых паштоўках» і іншых.
Узнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі — Ордэнам Трох Зорак.
1944 год. Нарадзіўся Майкл Дуглас.
Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар.
Паходзіць з беларускіх яўрэяў Дуніловічаў з Магілёўскай губерні. Сын сусветнавядомага акцёра Кірка Дугласа.
Сусветную вядомасць яму прынеслі фільмы «Палёт над гняздом зязюлі», «Ракавая жарсць», «Асноўны інстыкт». Уладальнік некалькіх “Оскараў”.
Прыхільнік ядзернага раззбраення. Пасол Міру ААН.
1971 год. У Брэсце ўрачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».
Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Створаны па праекту групы аўтараў на чале з народным мастаком СССР скульптарам А. Кібальнікавым.
Скульптурна-археалагічны ансамбль уключае ацалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крэпасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва.
Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цытадэлі пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў