Міжнародны дзень студэнтаў.
Свята было заснавана ў 1941 годзе ў Лондане на міжнароднай сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаліся супраць фашызму, у гонар студэнтаў Чэхаславакіі – герояў Супраціўлення, што пацярпелі ў 1939 годзе падчас расправы са студэнцкай дэманстрацыяй у акупаванай немцамі Празе.
28 кастрычніка 1939 года пражскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэння Чэхаславацкай дзяржавы – 28 кастрычніка 1918 года. Падраздзяленні акупантаў разагналі дэманстрацыю, па яе ўдзельнікам быў адкрыты агонь.
Адзін са студэнцкіх лідэраў Ян Оплятал загінуў. Яго пахаванне 15 лістапада 1939 года зноў перарасло ў акцыю пратэсту. У адказ нацысты закрылі ўсе чэшскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, звыш 1200 студэнтаў былі арыштаваныя і зняволеныя ў канцлагер Заксэнхаўзен. 9 студэнтаў і актывістаў студэнцкага руху пакаралі смерцю 17 лістапада. Гэтая дата і была абраная сімвалічным днём, як напамін аб трагічных падзеях таго часу.
17 лістапада 1973 году ў Грэцыі студэнты чацьвёра сутак абаранялі будынак Тэхнічнага ўніверсітэта ў Афінах, пратэстуючы супраць дыктатуры. Студэнты былі расстраляныя танкамі, гэтая падзея стала пачаткам падзення рэжыму «чорных палкоўнікаў».
17 лістапада 1989 году ў Празе дэманстрацыю да 50-годдзя падзей 1939 года пачалі мясцовыя камсамольцы. Але жадаючых прыняць удзел сярод афіцыйных арганізацый не было. Тады камсамольцы звярнулася па дамамогу да міжнароднай арганізацыі студэнтаў. Акцыя была санкцыяваная і на яе прыйшло 30 тысячаў студэнтаў, выкладчыкаў. Паліцыя жорстка разагнала дэманстрантаў. У знак пратэсту на дзеянні ўладаў студэнты на наступны дзень абвясцілі страйк, а 21 лістапада на вуліцы Прагі выйшла болей за 200 тысячаў дэманстрантаў. З гэтых падзеяў пачалася аксамітная рэвалюцыя.
Сёння Міжнародны дзень студэнтаў з’яўляецца сімвалічным аб’яднаннем студэнтаў усіх факультэтаў і ўсіх навучальных устаноў свету.
1370 год. Венгерскі кароль Людовік Венгерскі (1326-1382) заняў польскі сталец.
З французскай Анжуйскай дынастыі. Сын караля Карла Роберта і Эльжбеты, сястры польскага караля Казіміра III, з 1335 года – палітычны саюзнік апошняга.
Дапамагаў Казіміру ў барацьбе за Галіцка-Валынскае княства, пераследуючы пры гэтым венгерскія інтарэсы, што выклікала яго сутыкненне з валынскім князем Любартам.
Прымаў актыўны ўдзел у паходах Казіміра на Валынь, Падляшша і Берасцейшчыну (1349-1351), у ходзе якіх венгерскія войскі часова авалодвалі паўднёва-заходнімі землямі ВКЛ. Людвік захапіў у палон Любарта і Кейстута. 15 жніўня 1351 г. прымусіў іх падпісаць дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла адмовіцца ад прэтэнзій на Галічыну.
У якасці польскага караля ўзнавіў войны з ВКЛ (1372-1377).
wikimedia.org
1681 год. Памёр Тытус Лівіюш Баратыні.
Навуковец і вынаходнік часоў Рэчы Паспалітай, механік, фізік, метролаг, архітэктар, географ, егіптолаг, дыпламат.
У 1637-1641 жыў у Егіпце, дзе працаваў над новай картай краіны, дапамагаў Джону Грыўзу вымяраць вышыню пірамідаў у Гізе, зрабіў малюнкі пабудоваў і рыштунку эпохі фараонаў.
З 1641 года жыў у Рэчы Паспалітай. Браў удзел у шматлікіх дыпламатычных місіях. Заснаваў аптычную майстэрню, у якой вырабляў лінзы для тэлескопаў.
Збудаваў арнітоптэр – прататып самалёту, Палац Казіміра ў Варшаве, рэканструяваў замак у Уяздове. Арандаваў манетны двор у Кракаве, у якім у 1659-1666 гадах масава выбіваў медзяныя шэлягі – “барацінкі”.
Заснавальнік і арганізатар астранамічнай абсэрваторыі ў Уяздове, вынайшаў плямы на Венеры. Вынаходнік мікрометра, ветрака для паліва садоў, спрабаваў зрабіць машыну для лічэння.
Прапанаваў тэорыю ўніфікацыі меры ва ўсім свеце – каталіцкі метр.
1796 год. Памерла Кацярына II, Сафія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая (1729-1796).
Імператрыца ўсерасійская (1762-1796).
Пры ёй, яе удзеле, адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай і ўся тэрыторыя сучасных Беларусі і Літвы апынулася пад расійскім гнётам.
Акрамя таго, у склад імперыі да 1796 года ўвайшлі Паўночнае Прычарнамор’е, Прыазоўе, Крым, Правабярэжная Украіна, землі паміж Днястром і Бугам, Курляндыя.
Насельніцтва ўзрасло з 23,2 да 37,4 мільёнаў, Расія стала самай населенай еўрапейскай краінай (20% насельніцтва Еўропы). Кацярына II утварыла з далучаных зямель 29 новых губерняў і 144 горада.
wikimedia.org
1828 год. Нарадзіўся Эмерык Чапскі, Гутэн-Чапскі.
Беларускі калекцыянер і нумізмат.
Наўгародскі губернатар (1862-1865), санкт-пецярбургскі віцэ-губернатар (1865-1867), дырэктар Ляснога дэпартамента Расійскай імперыі.
Заснаваў Станькаўскі музей, дзе зберагаліся манеты, медалі, зброя, творы мастацтва, гістарычныя дакументы, кнігі і іншыя прадметы даўніны.
Аўтар кнігі «Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору графа Э. К. Гутэн-Чапскага», «Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э. Гутэн-Чапскага».
У 1894 годзе пераехаў у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы (цяпер у складзе Нацыянальнага музея).
1846 год. Памёр Ян Цывінскі. Беларускі, расійскі рымска-каталіцкі дзеяч, педагог і філантроп. Доктар тэалогіі і права.
Прафесар, дырэктар Віленскай духоўнай семінарыі, адміністратар Віленскай дыяцэзіі.
Дзякуючы яго намаганням у Гадуцішках пабудаваны мураваны касцёл, плябанія і школа для сялянскіх і местачковых дзяцей. Са сваіх сродкаў выдаткоўваў грошы на выхаванне дзяўчынак з бедных сялянскіх сем’яў.
Заснаваў фонд для бясплатнага навучання ў віленскіх школах хлопчыкаў і дзяўчынак.
Прэзідэнт Віленскага таварыства дабрачыннасці. У 1846 годзе дараваў усім прыгонным сваіх маёнткаў даўгі і выдаў вольную.
Спадчыннікам ён запаветваў, каб «не ўладарамі былі над сялянамі, а апекунамі».
wikimedia.org
1855 год. Даследчык Афрыкі Дэвід Лівінгстан першым з еўрапейцаў дасягнуў і ўбачыў грандыёзны вадаспад на рацэ Замбезі.
Яго вышыня 120 м. Надаў яму імя брытанскай каралевы Вікторыі.
Адкрыццё было зроблена падчас экспедыцыі (1853-1856), якая ўпершыню перасекла Паўднёвую Афрыку ў шыротным кірунку.
Мясцовыя жыхары ведалі аб вадаспадзе, але белыя не верылі ў яго існаванне з-за адсутнасці горных масіваў. Вікторыя ні па перападзе вышынь, ні па шырыні патоку не з’яўляецца вадаспадам-рэкардсменам, але ёй належыць сусветнае першынство ў “намінацыі” плошча зліва – 1700 на 108 метраў.
Гэты вадаспад “уладкованы” зручна для агляду – ён увесь бачны ў “анфас”: Замбезі проста падае ў вертыкальную расколіну, злучаную з сеткай глыбока залягаючых праток. Адзін з двух астравоў каля грэбня Вікторыі зараз носіць імя Лівінгстана.
1869 год. Суэцкі канал адкрыўся для суднаходства. Канал злучае Міжземнае і Чырвонае моры. Будаваўся 11 гадоў.
У гэтым месцы канал існаваў яшчэ пры фараоне Сенусерце. Потым рэканструяваўся пры Дарыі, Траяне. Планы адраджэння канала абмяркоўваў Лейбніц з Людовікам XIV.
Гэты самы доўгі канал (173 км) у свеце паклаў канец эры паруснікаў і загубіў рускую Кяхту як чайную сталіцу – везці чай па новым шляху стала больш выгадна, чым праз Сібір.
Будаўніцтва канала разарыла Егіпет, і ў 1876 годзе краіна была абвешчана банкрутам. Гэта пацягнула за сабой устанаўленне над ёй фінансавага кантролю дзяржаў-крэдытораў – Францыі і Англіі.
Канал аказаў неадкладнае і неацэннае значэнне на сусветны гандаль. Шасцю месяцамі раней была ўведзена ў дзеянне Першая Транскантынентальная Чыгунка, і ўвесь свет можна было зараз абмінуць у рэкордныя тэрміны. Канал дазволіў воднаму транспарту праходзіць у абодва бакі паміж Еўропай і Азіяй без абмінання Афрыкі. Канал адыграў таксама важную ролю ў экспансіі і далейшай каланізацыі Афрыкі.
tunnel.ru
1873 год. Буда і Пешт аб’ядналіся ў Будапешт.
Упершыню тры гарады Буда, Абуда і Пешт, якія пазней утварылі сталіцу венгерскай дзяржавы, згадваюцца ў гістарычных крыніцах у 1148 годзе.
У пісьмовых помніках 1178 года ёсць згадка пра высокую бальнеялагічную культуру гэтай мясцовасці.
У 1241 годзе ўсе тры гарады апынуліся на шляху мангола-татарскага патоку і былі літаральна змецены ім з твару зямлі.
Праз год, у 1242, спехам адбудаваная Буда стала сталіцай, а з 1350 года – рэзідэнцыяй венгерскіх каралёў.
1870 год. У Хоцімску нарадзіўся Сяргей Блажко.
Беларускі, рускі і савецкі астраном, член-карэспандэнт АН СССР.
Працаваў у абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта, быў яе дырэктарам, прафесарам і загадчыкам кафедраў астраноміі, астраметрыі МДУ.
Больш за 20 гадоў узначальваў Камісію па вывучэнні зменных зорак пры астранамічнай радзе АН СССР.
Асноўныя даследваванні прысвечаны вывучэнню зменных зорак і практычнай астраноміі. З 1895 сістэматычна фатаграфаваў зорнае неба з мэтай выяўлення зменных зорак, чым паклаў пачатак багатай калекцыі «шкляной бібліятэкі» абсерваторыі.
У 1904 годзе апаратурай уласнай канструкцыі адным з першых у свеце сфатаграфаваў спектры двух метэораў і даў правільнае іх тлумачэнне. Прапанаваў новы метад выяўлення малых планет.
Аўтар шэрагу арыгінальных канструкцый астранамічных прыбораў, трох падручнікаў па астраноміі.
wikimedia.org
1893 год. Нарадзіўся Канстанцін Езавітаў.
Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дзеяч БНР, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.
Удзельнік З’езда, Камітэта воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Усебеларускага з’езда.
Браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратара ваенных спраў ва ўрадзе БНР, палкоўнік.
У 1921-1941 гадах жыў Латвіі, дзе займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў, арганізацыяй школьнай справы. За беларускую нацыянальную дзейнасць арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.
Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў у Рызе Беларускім цэнтральным камітэтам, які займаўся арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска, міністрам ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.
У красавіку 1944 года затрыманы СМЕРШам. Загінуў 23 мая 1944 года ў мінскай турме.
Аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, вершаў, школьных дапаможнікаў. Падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы М. Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
wikimedia.org
1906 год. Нарадзіўся Янка Багдановіч.
Беларускі празаік, паэт, публіцыст, мемуарыст.
Да 1941 года працаваў у друкарні імя Ф. Скарыны. Сувыдавец часопіса «Шлях моладзі».
У гады Другой сусветнай вайны скончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў. У 1952 годзе, калі быў студэнтам Нова-Віленскага педінстытута, быў арыштаваны і сасланы ў Варкуту.
Рэабілітаваны ў 1956 годзе. Настаўнічаў у Вільні. Аўтар вершаў, нарысаў, кнігі ўспамінаў.
Памёр 13 ліпеня 1990 года. Пахаваны на віленскіх могілках Саўлес.
Фота: магіла Я. Багдановіча і яго жонкі, wikimedia.org
1947 год. Нарадзіўся Аркадзь Аронаў.
Беларукі сейсмолаг. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
Працаваў ў інстытуце геафізікі і геахіміі, дырэктарам і вядучым навуковым спецыялістам Цэнтра геафізічнага маніторынга акадэміі навук Беларусі.
Даследчык пытанняў сейсмалогіі, сейсматэктонікі, распрацаваў сістэму геафізічных назіранняў.
Стваральнік сеткі сейсмастанцый Беларусі.
Суаўтар сейсматэктанічнай карты і сейсмічнага раянавання Беларусі і заходняй часткі Усходне-Еўрапейскай раўніны. Аўтар каля 100 навуковых прац.
nasb.gov.by
1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Імануіл Велікоўскі.
Амерыканскі фізік, аўтар тэорыі пра сувязь паміж катаклізмамі на Зямлі і змяненнямі структуры Сонечнай сістэмы, урач, пісьменнік.
У 1917 годзе пад псеўданімам Імануэль Раміо выпусціў брашуру «Третий исход», асноўная ідэя якой – вяртанне яўрэяў на зямлю Ізраіля.
У 1922 годзе эміграваў з Расіі. Жыў у еўрапейскіх краінах, у 1931-1939 гадах – у Тэль-Авіве, дзе працаваў псіхатэрапеўтам. З 1939 года – у ЗША.
Аўтар кніг «Міры ў сутыкненнях», «Стагоддзі ў хаосе», «Зямля ў пераваротах», «Народы мора» і іншых. Пасля смерці выйшлі з друку яго кнігі «Чалавецтва ў амнезіі», «Астролагі і трунакапальнікі». У рукапісах засталіся кнігі «Час Ісаі і Гамера» , «Сатурн і Патоп», «Юпіцер», «Арбіта».
Памёр 17 лістапада 1979 года.
2005 год. У 70 год пайшла з жыцця Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая.
Беларуская краязнаўца, даследчыца гісторыі Нясвіжа, роду Радзівілаў, Нясвіжскага замка.
Выкладчыца беларускай мовы, грамадская актывістка, сябра партыі КХП БНФ.
Аўтар кніг “Паданні Нясвіжа”, “Скарбы Нясвіжа”, “Нясвіж і Радзівілы”, “Паданні і легенды Нясвіжу і Радзівілаў”, “Музы Нясвіжа”, “Чорная дама Нясвіжскага замку” і іншых.
Часта яе можна было сустрэць перад уваходам ў Нясвіжскі замак са стосам сваіх кніг, якія яна прапаноўвала наведвальнікам з аўтографамі.