1415 год. У Наваградку адбыўся падзел Рускай Царквы на мітраполіі Маскоўскую і Кіеўскую.
Падзел адбыўся на Саборы ўсіх праваслаўных епіскапаў ВКЛ і Польшчы пад ціскам вялікага князя літоўскага Вітаўта і нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція.
На чале Маскоўскай мітраполіі застаўся грэк Фоцій, стаўленнік канстанцінопальскага патрыярха з 1409 года, а ў сан мітрапаліта кіеўскага – усіх паўднёва-заходніх зямель – Саборам у Наваградку быў прысвечаны балгарын Рыгор Цамблак.
Рашэнне аб аддзяленні аргументавалася нежаданнем падпарадкоўвацца “царам грэцкім” – пры захаванні вернасці канстанцінопальскаму патрыярху і нядбайнасцю Фоція справамі паўднёвага захаду.
Зрэшты, падзел цэркваў не стаў канчатковым: у 1419 па смерці Рыгора, Вітаўт пагадзіўся, каб Фоцій зноў прыняў пад сваю апеку паўднёва-заходнія епархіі.
1867 год. У Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце заснаваны першы музей.
Зараз гэта абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава.
На час адкрыцця ўстановы было каля 1 500 экспанатаў, сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета, арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя; Лексікон Славянароскі з друкарні Куцеінскага манастыра 1654 года, калекцыя манет X – XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.
У 1918 годзе музей аб’яднаны з царкоўна-археалагічным (працаваў з 18 снежня 1904 у былым Бернардынскім касцёле) у адзін – губернскі. У 1919 г. пераехаў у будынак былога сялянскага банка (вул. Міронава, зараз абласны мастацкі музей), у 1932 – у двухпавярховы будынак па вул. Ленінскай, №40. У 1934-1938 гадах меўся філіял – у будынку Іосіфаўскага сабора, дзе дзейнічала экспазіцыя гісторыі рэлігіі і атэізму. Існаваў, у канцы 1930-х гадоў і яшчэ адзін філіял – мемарыяльны музей С. Аржанікідзэ ў доме, дзе ў 1919 г. ён жыў і працаваў як член Рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту (кут вул. Віленскай і зав. Крутога).
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Магілёва гістарычны музей на вул. Ленінскай і яго філіял на Віленскай згарэлі разам з экспанатамі. Пасля вайны, толькі ў 1949 годзе., калі ў Доме Саветаў выдзелілі невялікія памяшканні, музей аднавіў сваю дзейнічаць. 1 ліпеня 1961 года атрымлівае ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (зараз – Славы), у якім ён размяшчаецца і ў наш час.
museums.by
1898 год. Нарадзіўся Піліп Кізевіч.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Сябра Гродзенскай гарадской, Галоўнай управы, скарбнік акруговага і павятовага праўленняў Таварыства беларускай школы, член кіраўніцтва Беларускага сялянска-работніцкага саюзу, уладальнік беларускай кнігарні ў Гродна.
Арыштоўваўся польскай паліцыяй у 1929 годзе.
Пасля Другой сусветнай вайны з’яўляўся членам праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, дырэктарам беластоцкіх вадаправодаў.
Памёр 17 студзеня 1985 года. Пахаваны на могілках каталіцкай парафіі Усіх Святых у Беластоку.
На фота: Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першыму радзе: М. Пяткевич, Ф. Стацкевіч, С.Паўловіч, М. Кепель; у другіму: Р. Шырма, П. Кізевіч, М. Мартынчык.
wikimedia.org
1907 год. Памёр Юзаф Каліноўскі.
Каталіцкі рэлігійны дзеяч, мемуарыст. Святы. Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў.
Скончыў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Служыў тапографам на будаўніцтве чыгункі Адэса-Курск, інжынер-капітанам у Брэсцкай крэпасці.
З чэрвеня 1863 года ўзначаліў ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы, быў памочнікам у свайго сваяка Кастуся Каліноўскага.
Арыштаваны ў 1864 годзе. Асуджаны на смерць. Прысуд быў заменены на 10-гадовую сібірскую катаргу.
Удзельнік навуковых даследаванняў Сібіры.
У 1877 годзе ўступіў у Ордэн кармелітаў босых. З 1899 года служыў генеральным вікарыем кармелітаў босых у Галіцыі.
Аўтар успамінаў пра паўстанне 1863 – 1864 гадоў, рэлігійна-філасофскіх трактатаў.
Кананізаваны каталіцкай царквой 17 лістапада 1991 года.
wikimedia.org
1916 год. Памёр Генрык Сянкевіч.
Польскі пісьменнік. Першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1905) беларускага паходжання.
Паходзіў з вонкавай шляхты. Бацька са служылых татараў, якія пасяліліся на тэрыторыі ВКЛ пры Вітаўце, маці – з беларускай шляхты.
Падарожнік па ЗША («Лісты з вандравання», 1876-1878), Еўропе, Азіі, Афрыцы. Палітычны прыхільнік партыі «Народная дэмакратыя», марыў пра аўтаномію Польскага каралеўства ў складзе Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехаў у Швейцарыю, дзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы.
Аўтар многіх аповесцей, зборнікаў гумарэсак, вядомых гістарычных раманаў «Агнём і мячом» (падзеі вайны 1648-1654), «Патоп» (1655-1656), «Пан Валадыёўскі» (барацьба з туркамі, 1672-1673), «Quo vadis?» (Нобелеўская прэмія), «Крыжакі», «Віры» (рэвалюцыя 1905-1907 гадоў), псіхалагічных раманаў «Без догмату», «Сям’я Паланецкіх».
Шматлікія творы пісьменіка экранізаваны ў розных краінах.
Пахаваны ў швейцарскім Вевэ. У 1924 годзе цела перанесена ў Варшаву і пахавана ў падмурках кафедральнага сабора Святога Яна.
wikimedia.org
1918 год. Нарадзіўся Францішак Бартуль.
Беларускі грамадскі дзеяч. Член Рады БНР.
Падчас Другой сусветнай вайны ў 1940 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў Шчэціне, быў прызначаны перакладчыкам. Вучыўся ў Мінскай афіцэрскай школе БКА (1944).
З 1944 года – на эміграцыі ў Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША.
З’яўляўся старшынёй Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў, сустваральнікам Беларускага хрысціянскага акадэміцкага аб’яднання «Жыццё» і Беларускага акадэміцкага каталіцкага таварыства «Рунь».
З 1956 года актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ЗША: сябра рэдкалегіі газеты «Беларус», старшыня Рады дырэктароў Фундацыі імя П. Крэчэўскага, членам Рады БНР.
Памёр 4 снежня 2005 года. Пахаваны на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай ў Іст-Брансуіку.
1925 год. У эфір выйшаў Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё: у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..».
Агульнанацыянальны радыёканал, які ўваходзіь у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Дэвіз «Будзем разам!».
Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. У эфіры гучалі музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе толькі 300 вёрст і ўсяго 30 хвілін на суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.
Цяпер Беларускае радыё ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы і тры радыёстанцыі. Адным з галоўных прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры.
З мая 1962 г. вядзецца рэгулярнае вяшчанне на краіны далёкага замежжа. Праграмы выходзяць у эфір на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё выходзіць на частотах у FM-дыяпазоне: Мінск — 106,2, Брэст — 100,0, Віцебск — 100,5, Гомель — 105,1, Гродна — 103,0, Магілёў — 105,9 МГц; а таксама на хвалях, што трансліруюцца перадатчыкамі і радыёвузламі абласцей.
Перадачы ў дыяпазоне доўгіх і кароткіх хваль былі спынены з 1 красавіка 2016 года. Магчымасці перадаючых прыладаў забяспечваюць устойлівы прыём праграм не толькі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ў прыгранічных раёнах Польшчы, Літвы і Латвіі.
З 15 чэрвеня 1998 г. Беларускае радыё пачало рэтрансліраваць перадачы на рэгіёны Расійскай Федэрацыі.
1938 год. У в. Дрожджаніцы Крычаўскага раёна нарадзіўся Віктар Цітоў.
Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.
Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.
Суаўтар і аўтар прац «Праблемы рассялення ў БССР», «Помнікі этнаграфіі», «Промыслы і рамёствы Беларусі», «Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся», «Беларусы», «Гісторыя сялянства Беларусі» і іншых.
Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».
Памёр 20 лістапада 2020 года.
1947 год. Нарадзіўся Анатоль Ярмоленка.
Беларускі спявак, мастацкі кіраўнік гурту «Сябры». Народны артыст Беларусі.
Выступаў у складзе ВІА «Сувенир» (1969-1971, разам з А. Градзкім, А. Буйновым), «Песни над Сожем» (1971-1973). З 1974 года мастацкі кіраўнік гурту «Сябры».
Першым выканаў песні шматлікіх папулярных беларускіх і расійскіх кампазітараў: Я. Глебава, І.Лучанка, М. Сацуры, Э. Ханка.
wikimedia.org
1951 год. Нарадзіўся Віктар Скорабагатаў.
Беларускі оперны спявак і педагог. Заслужаны артыст.
Саліст Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капелы».
Адзін з найбуйнейшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў.
У 1988-1994 гадах ажыццявіў першы ў беларускім выканаўчым мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX стагоддзяў».
Даследуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў. Аўтар кніг па гісторыі беларускага музычнага мастацтва. Галоўны рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор».
Мастацкі кіраўнік штогодняга фэсту «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991 года).
belarus.by
1955 год. Нарадзіўся Сяргей Войчанка.
Беларускі мастак і дызайнер. Разам з Ул. Цэслерам распрацоўваў дасціпныя рэклямныя постэры і плакаты на сацыяльныя тэмы.
Аўтар плакатаў «Нержавеющий Сталин», «1939, начало войны в Польше», «Карл Маркс 1990-х», «Афганистан», «Good morning, Belarus!», «От международного года мира — к миру без войн и оружия», «Война несет людям…», «Афган, Forbidden Fruit», «Contemporary art+centre „VITA NOWA“» і іншых.
Праца «Вудсток. 30 лет. — Levi`s» знаходзіцца ў калекцыі Луўра.
Работы Цэслера і Войчанкі выстаўляліся на шматлікіх выставах і атрымлівалі ўзнагароды ў многіх краінах Еўропы.
Уладальнік больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фэстываляў плакату.
За месяц да смерці адбылася выстава на Манмартры ў Парыжы.
Памёр 9 снежня 2004 года.
1993 год. Нарадзілася Меліціна Станюта. Беларуская гімнастка.
Праўнучка народнай артысткі Стэфаніі Станюты, унучка літаратуразнаўца Аляксандра Станюты.
Яе адрознівае элегантнасць і грацыёзнасць выступленняў.
Пачаўшы выступаць сярод сеньёрак, Меліціна адразу ж увайшла ў лік лепшых гімнастак свету. У 15 гадоў яна выйграла бронзавы медаль у практыкаваннях з абручом на чэмпіянаце свету.
На чэмпіянаце свету 2010 года выйграла два бронзавых медалі — у практыкаваннях са скакалкай і ў мнагабор’і.
18 жніўня 2020 года падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года.
wikimedia.org