1859 год. Памёр Фадзей Булгарын.
Выхадзец з беларускай шляхты, пісьменнік.
Сябе называў ліцвінам.
Гадаваўся пад Глускам. Падарожнік па Беларусі.
Кавалер ордэна Ганаровага легіёна Францыі.
Выдавец часопісаў, першай прыватнай грамадска-палітычнай штодзённай газеты ў Расіі, першага рускага тэатральнага альманаха.
Заснавальнік жанраў авантурнага махлярскага, фантастычнага рамана ў рускай літаратуры.
1893 год. Нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).
Празаік, журналіст, перакладчык.
Славуты сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».
Супрацоўнік часопісу «Наш край», газеты «Звязда», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша».
Савецкімі органамі быў арыштаваны па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны ў 1934 года як «член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазроны ў шпіянажы» да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапаваны ў Карагандзінскі лагер.
Зноў арыштаваны ў 1940 годзе за «удзел у антысавецкай арганізацыі». Асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Комі АССР. 1 сакавіка 1943 года медычнай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены дадому. Паводле некаторых звестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку.
Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
На ўскрайку Магілёва бульвар носіць імя Андрэя Мрыя.
1929 год. Аляксандр Флемінг прадставіў пеніцылін.
Адбылося тое на пасяджэнні Медычнага даследчага клуба пры Лонданскім універсітэце
З-за вялікіх патрэбаў у леках падчас Другой сусветнай вайны пачалася маштабная вытворчасць гэтага антыбіётыка.
Пеніцылін па патрабаванні Флемінга не быў запатэнтаваны.
Ён лічыў, што лекі, якія ратуюць людзям жыццё, не павінны служыць крыніцай даходу.
1937 год. Нарадзіўся Уладзімір Содаль.
Літаратуразнаўца, краязнаўца.
Інвалід па зроку з дзяцінства.
Працаваў на Беларускім тэлебачанні, рэдактарам асветніцкіх перадач «Роднае слова», «У кожнага была свая вайна».
Удзельнік Устаноўчых з’ездаў БНФ, ТБМ, адзін з падпісантаў творчай інтэлігенцыі ліста ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы ў савецкай Беларусі.
Даследчык творчасці класікаў беларускай літаратуры.
Занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
1944 год. Нарадзіўся Алесь Лабанок.
Тэатральны актор.
Усё жыццё служыў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, іграў ролі ў п’есах па творах Уладзіміра Караткевіча, Стэфана Жаромскага, Альберта Камю і іншых.
1958 год. Нарадзіўся Аляксандр Краўцэвіч.
Археолаг, гісторык.
Старшыня выканкаму Рады Беларускага гістарычнага таварыства, галоўны рэдактар «Гістарычнага альманаха».
Даследчык матэрыяльнай культуры Беларускага Панямоння XIV–XVII стагоддзяў.
Аўтар работ па сярэднявечнай гісторыі Беларусі, распрацоўнік канцэпцыі, што Вялікае Княства Літоўскае было біэтнічнай балта-ўсходнеславянскай дзяржавай з дамінаваннем усходнеславянскага элемента.
1996 год. Памёр Эрнст Ляўкоў.
Геолаг, краязнаўца.
Даследаваў рэгіянальную геалогію, рэльеф і карысныя выкапні, пытанні сейсмабяспекі тэрыторыі Беларусі, культавыя камяні.
Звярнуў увагу на важную ролю тапанімікі пры рэканструкцыі гістарычнага мінулага.
З яго ўдзелам былі ўпершыню распрацаваны неатэктанічная карта і карта неатэктанічнага раянавання Беларусі, створаны Парк валуноў у Мінску.
2003 год. Памёр Анатоль Багатыроў.
Кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, Народны артыст Расіі і Беларусі. Лаўрэат дзяржаўных прэміяў.
Заснавальнік нацыянальнай беларускай оперы і беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы.
Выхаваў плойму беларускіх кампазітараў.
Аўтар опер, створаных паводле твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў