Дзень у гісторыі: 10 верасня. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Нарадзіліся: мовазнаўца Мікалай Бірыла і кампазітар Яўген Глебаў. Памёр этнограф Аляксандр Ельскі. Саветамі расстраляны дзеяч БНР Язэп Мамонька

Сусветны дзень прадухілення самагубстваў.

Заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і адзначаецца ад 2003 году.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць прадухіленне самагубстваў прыярытэтам грамадскай аховы здароўя.

Асноўныя прычыны самагубстваў: жабрацтва, беспрацоўе, страх, душэўныя хваробы, праблемы ў сям’і, пакуты, цяжкія захворванні, дыскрымінацыя.

На думку экспертаў, ніводзін асобна ўзяты фактар не можа ў поўнай меры вытлумачыць, чаму чалавек учыніў самагубства. Суіцыдальныя паводзіны – складаны феномен, які трымаецца на асабістых, сацыяльных, псіхалагічных, культурных, біялагічных і асяродкавых фактарах.

1916 год. Памёр Аляксандр Ельскі.

Пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнаўца.

Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў, патрыярх прафесійнага беларусазнаўства.

Аўтар слоў: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, стварыць дабрачыннасці!».

1923 год. Нарадзіўся Мікалай Бірыла.

Мовазнавец, лінгвагеограф.

Даследчык беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы, праблемаў беларускай і славянскай анамастыкі.

Удзельнік падрыхтоўкі комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак».

Суаўтар і рэдактар шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы», аўтар «Беларуская антрапанімія».

1929 год. Нарадзіўся Яўген Глебаў.

Кампазітар, дырыжор, педагог.

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Аўтар шматлікіх сімфоніяў, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў.

Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры.

Па ўспамінах Васіля Быкава, Глебаў, доўга супраціўляўся ўступленню ў КПСС, а пры прыёме не змог адказаць у якім годзе была «Кастрычніцкая рэвалюцыя».

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Язэп Мамонька.

Беларускі палітык, публіцыст, сябра і сакратар прэзідыума Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езду, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

1977 год. Нарадзіўся Віктар Ганчарэнка.

Футбольны трэнер.

Працаваў трэнерам БАТЭ, якая выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў УЕФА і атрымала перамогу ў чэмпіянатах Беларусі 2008-2012 гадах.

10 разоў прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі (2008-2020).

1990 год. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Згуртаванне стваралася дзеля падтрымкі захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС.

2022 год. 880-годдзе Гомеля.

Першы летапісны ўпамін пра яго адносіцца да 1142 году.

Буйны цэнтр прамысловасці, навукі, адукацыі, культуры, турызму.

Другі горад пасля Мінску па колькасці насельніцтва: 504 тысячы чалавек.

 


У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц