Гурковая тэма для мясцовых жыхароў брэндавая з часоў першай згадкі пра тутэйшыя агуркі ў 1526 годзе нямецкім паслом Жыгімонтам Герберштэйнам.
Дыпламат здзівіўся масаваму захапленню насельніцтвам гэтых мясцін агуркамі. Пра шклоўскія гуркі, як іх тут называюць, напісана ў Баркулабаўскім летапісе.
У цэнтры гораду ў 2007 годзе паставілі нават бронзавую скульптурную кампазіцыю «Агурок», якая зрабілася талісманам Шклова.
З агуркоў тут робяць мноства страў: ад агурочнага варэння, настоек да разнастайных закатак.
Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка» адзначаюць у Шклове з 2006 года. Гараджане лічаць раённы цэнтр агурковай сталіцай Беларусі. Дагэтуль амаль усе жыхары вырошчваюць гэтую гародніну.
Праўда, калі раней ёю займаліся ледзь не ў прамысловых маштабах, то цяпер высаджваюць для сябе. На мясцовых агародах значна паменела цяпліц, а тры дзясяткі гадоў таму агуркі дапамагалі людзям разжывацца капейчынай.
Сёлета «Дзень агурка» праводзяць на пляцоўцы вакол гарадской ратушы, дзе месціцца гімназія. Гэта гістарычны і гандлёвы цэнтр Шклова.
Тут разгорнуты кірмаш, на якім можна пасмакаваць стравы з агуркоў. Арганізаваныя розныя забавы для старых і маладых.