Беларусь падпісала Орхускую канвенцыю 30 кастрычніка 2001 году. Праз 21 год афіцыйны Мінск угледзеў прадузятае і дыскрымінацыйнае стаўленне з боку кіроўных органаў канвенцыі, факты ціску на суверэнную дзяржаву.
Таму, вырашыў спыніць свой удзел у Канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя. Тое прадугледжана ўказам «Аб выхадзе Рэспублікі Беларусь з міжнароднага дагавора», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, піша БЕЛТА, спасылаючыся на яго прэс-службу.
«Нягледзячы на дасягнутыя вынікі ў выкананні ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у адпаведнай сферы, у кастрычніку 2021 года Беларусь сутыкнулася з прадузятым і дыскрымінацыйным стаўленнем з боку кіроўных органаў канвенцыі, фактамі ціску на суверэнную дзяржаву», – адзначаецца ў публікацыі.
Орхуская канвенцыя названа так, бо была падпісаная ў дацкім горадзе Орхус у 1998 годзе. 38 краін-падпісантаў дамовіліся падтрымліваць правы чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і даваць людзям удзельнічаць у рашэннях адносна навакольнага асяроддзя.
У Беларусі неаднаразова былі скандалы і пратэсты, звязаныя з экалагічнымі праблемамі ў пытаннях будаўніцтва «брудных» заводаў ці не інфармаваннем аб аварыях на атамнай электрастанцыі. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі дзясяткі экалагічных арганізацый.