Услед за мядзвядзём Фёдарам з Буйніцкага заасаду, які прадказаў надыход зімы, пра што пісалі Магілёў.media, магілёўскія антычныя бажкі прадказалі тое самае.
Німфа ля фантану ў мікрараёна “Саломенка” апранула на сябе белую вуаль. Дакладней, прыгажуня захінулася ва ўсё белае і заснула да вясны. Тутэйшы люд называе яе то Дыянай (багіняй расліннага і жывёльнага свету, палявання, жаноцкасці і ўрадлівасці), то Венерай (багіняй прыгажосці, цялеснай любові, жадання, урадлівасці і росквіту).
Антычны мужчына побач, які найбольш падобны да Бахуса (апекуна аматараў спіртовых напояў і ўвогуле п’яніц) таксама захінуўся ў покрыва і спіць. Прачнецца ён зноў-такі толькі ўвесну.
Мясцовыя аматары спіртовых напояў – а менавіта каля Бахуса яны збіраюцца штодня раніцой – без ценю сумневу кажуць, што спаць скульптуры будуць да вясны. Дыяна і Бахус не распрануцца, пакуль не стане цёпла. Гэта верная прыкмета. Яны яшчэ ніводнага разу не памыліліся.
Як бачым, яшчэ адна прыкмета сведчыць пра хуткі надыход зімы ў Магілёве.
А летам яны зноўку будуць вось такімі вясёлымі маладымі і спакуслівымі.