Магілёўскі “Зелянбуд” распавёў пра падрыхтоўку да новага купальнага сезона – рамантуюць скамейкі і навесы на пяці гарадскіх пляжах, а таксама рыхтуюць лежакі, распранальні, біятуалеты і таблічкі на забарону купання.
Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства “Магілёўзелянбуд” Святлана Банкузава расказала, што ў абласным цэнтры вядуцца працы па адкрыцці гарадскіх пляжаў да 1 траўня. Гэтыя работы закрануць пяць аб’ектаў – пляж на Дняпры ў раёне Падміколля, Святое возера і водасховішча ў пасёлку Брады, а таксама Пячэрскае возера і Фацінскую затоку. Усяго плануюць адрамантаваць і ўстанавіць 52 ценявыя навесы, 30 раздзявалак, 14 біяпрыбіральняў, 250 ляжакоў, 93 лаўкі, 14 інфармацыйных стэндаў і 110 знакаў “Купанне забаронена”. “Такія знакі будуць устанаўлівацца не толькі на пляжах, таму іх так шмат” – адзначыла Святлана Банкузава.
Фота: mogilev.media