У Магілёве запрацавалі першыя навагоднія кірмашы, пачалі манціраваць галоўную ёлку вобласці

Тэматычны гандаль навагоднімі цацкамі і ўпрыгожваннямі размясціўся на дзвюх пляцоўках – на плошчы Народнага Адзінства і каля гандлёвага цэнтра “Арбат” – паведамляе БелТА. Кірмашы будуць працаваць да 31 снежня з 9.00 да 19.00 штодзень.

Таксама 6 снежня ў горадзе пачаўся мантаж галоўнай ёлкі горада і вобласці. Гэта ці не самая позняя навагодняя ялінка, што паўстане ў рэгіёне – пісалі mogilev.media.

Кур’ера тэлефонных махляроў затрымалі ў Магілёве на першым жа выездзе

Пенсіянерка збіралася перадаць каля 9 тысяч рублёў каб вызваліць унука, што пражывае ў Маскве, “ад праблем” нібыта звязаных з ДТЗ. Пра намер 67-гадовай жыхаркі Магілёва аддаць грошы даведаўся яе зяць, які тэрмінова патэлефанаваў у міліцыю і сам выехаў да сваей цешчы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Кур’ера махляроў затрымалі з доказамі злачынства пасля перадачы грошай – амаль Br9 тыс. Ім аказаўся 26-гадовы жыхар адной з суседніх краін, ён прыехаў у Беларусь для падпрацоўкі, якую яму прапанавалі ў інтэрнэце. Яму даслалі некалькі адрасоў, дзе малады чалавек мусіў забраць грошы. Затрымалі яго на першым жа выездзе. Адзначаецца, што раскрывальнасць падобных злачынстваў складае больш за 80%.

Фота: Прэс-служба УУС

Галоўную ёлку Магілёва ўрачыста адкрыюць у працоўны дзень і ў працоўны час

Цырымонія запальвання агнёў на галоўнай ёлцы вобласці, якая традыцыйна размесціцца на плошчы Леніна ў Магілёве, адбудзецца 15 снежня ў 16.00, паведамляе сайт MyCity.by.

Такім чынам у чацвер, за гадзіну да заканчэння працоўнага часу большасці арганізацый горада, адбудзецца навагодні мюзікл “Таямніцы Магутнага Льва” і “яркія выступленні лепшых творчых калектываў горада”.

Завяршыцца мерапрыемства святочным флэш-мобам #Ёлочка_поём_вместе з хэдлайнерамі – Тэа і Вольгай Рыжыкавай.

Каментуючы ўрачыстасць у пабліку УКантакце Могилев Live жыхары горада абураюцца:

– Чаму не ў суботу? 14-е гэта працоўны дзень.

– Хто гэта пабачыць?

– Як заўсёды, у выходныя ж адміністрацыя адпачывае. Аб людзях не думаюць, што яны ў асноўным да 18.00 працуюць. А так зручна – ёлку адкрылі і па дамах у 17.00.

 

Фота: БелТА

Першай магілёўскай электрастанцыі не даюць статус помніка

Магілёўскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адмовіў у прысваенні ахоўнага статусу першай магілёўскай электрастанцыі па 2-м Крутым завулку – піша Тэлеграм-канал “Спадчына”. 

Адмова тлумачыцца тым, што “ў выніку ўздзеяння фактараў прыроднага паходжання страчаны адметныя духоўныя і мастацкія вартасці, якія б абумовілі наданне яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пагоршаны тэхнічны стан і ўмовы ўспрымання аб’екта.”

 

Насамрэч будынак нават пасля перабудовы 1930-х гадоў у жытло захаваў увесь свой эклектычны дэкор – не згаджаецца з пастановай магілёўскіх функцыянераў заяўнік Уладзіслаў Чаховіч – што з’яўляецца незвычайнай цікавосткай само па сабе, але галоўнай яго вартасцю з’яўляецца не архітэктура, а дакументальнае сведчанне індустрыяльнага развіцця горада і рэгіёна. Ну і ў крытэрыях надання ахоўнага статусу адсутнічаюць хоць якія згадкі пра тэхнічны стан, тым больш што будынак хоць і адселены, не мае відавочных страт. 

Варта адзначыць, што дакументацыя, з якой Уладзіслаў Чаховіч звярнуўся ў магілёўскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны склала 43 старонкі з дэтальным абгрунтаваннем і вялікім ілюстрацыйным корпусам.

Першая магілёўская электрастанцыя была запушчаная 7 лютага 1910 года. Першапачаткова яна працавала ад дызельнага рухавіка з магутнасцю генератара пастаяннага току і давала напругу ў 90 кВт. Да канца 1920-х гадоў яна ўжо вырабляла пераменны ток а агульная колькасць рабочых на станцыі складала амаль 50 чалавек. Яе будынак захаваўся ў Магілёве з мінімальнымі зменамі, якія адбыліся пасля пераводу дома ў жылы фонд у 1930-х гадах. Зараз будынак нежылы, але тут знаходзіцца шэраг офісных памяшканняў. 

Магілёўскі трэш – хлопец заваліў кватэру бутэлькамі ад Coca-Cola і смеццем

“Праздник к нам приходит?” – жартуюць за кадрам знаёмыя маладога чалавека. З відэа, выкладзенага у Тэлеграм-канале “Двач” можна зразумець, што сябры ці калегі магілёўца ўсхваляваліся з-за яго доўгай адсутнасці. 

На першых секундах яны абмяркоўваюць магчымы трупны пах. Унутры кватэры іх чакаў калядны сюрпрыз. Увесь жылы пакой завалены бутэлькамі ад Coca-Cola, а на кухні гара яечных шкарлупак.

Відэа: https://youtu.be/jqdQCzLzsO8 

– Ты что, к Новому году готовился? – кпяць на відэа знаёмыя магілёўца.

– Я спал. – спрабуе апраўдацца жыхар засмечанай кватэры.

Магілёвец выцягнуў гаманец у хлопца, пакуль той біў яго сябра

Дзве кампаніі адпачывалі ў адным з начных клубаў Магілёва – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Адзін з дваіх маладых людзей з адной кампаніі непрыгожа выказаўся пра дзяўчын з другой. 26-гадовы прыяцель дзяўчын вырашыў паставіць на месца нахабніка і стаў ад душы мясіць яго кулакамі і каленам.

Сябар хлопца, які бездапаможна цярпеў удары, наблізіўся да бойкі, нібыта спрабуючы спыніць агрэсара, а сам незаўважна выцягнуў у 26-гадовага прыяцеля дзяўчын кашалёк з задняй кіішэні. 500 рублёў з гаманца забраў сабе, пагуляў па горадзе а потым падкінуў пусты кашалёк назад пад дзверы начнога клуба. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж.

Галоўную ялінку Магілёва скралі? – жартуюць нашы чытачы

У той час як ёлкабуд на Магілёўшчыне завяршаецца, перад аблвыканкамам не бачна нават прыкмет намераў усталёўваць зялёную прыгажуню – здзіўляюцца карэспандэнты mogilev.media

Ужо стаіць гарадская ялінка насупраць гарвыканкама. Яна яшчэ рыхтуецца апрануць святочны ўбор, але і цяпер нагадвае магілёўцам пра непазбежнасць надыходу 2023 года. Усталявана гарадская ялінка ў Бабруйску, ды і іншых гарадах і райцэнтрах вобласці. Хоцімск увогуле паставіў яе ледзь не першым.

А аблвыканкам спіць у шапку. Чаму? З улікам даўніх спробаў выкрадання аблвыканкамаўскай яліны, злыя языкі ў сацыяльных сетках пачалі казаць пра чарговае махлярства.

Праўда гэта ці не, мы даведаемся бліжэйшым часам.

Дзяржкантроль ізноў знайшоў “абасраных” кароў на Магілёўшчыне

Гэтым разам у Бялыніцкім, Касцюковіцкім, Кіраўскім, Клічаўскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім і іншых раёнах

Праверка ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд выявіла, як звычайна, шматлікія парушэнні і недахопы. У ранейшы час за непамытых, брудных кароў зляталі са сваіх пасадаў губернатары і міністры. Сёння ўсё інакш. 

Як паведамілі “Навіны Бялынічаў”, Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці правёў кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарках рэгіёну і ў прыватнасці ў Бялыніцкім раёне. 

Выявілася, што кароў, як звычайна, недакормліваюць і парушаюць рацыён кармлення. У прыватнасці ў ААТ “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” выяўлена: “Неналежнае ўтрыманне цялят, недахопы пры іх выпойванні, кармленні і вадапаенні, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў”. Пры гэтым таксама ўстаноўлены факт незбалансаванага кармлення і паення дарослага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Правяраючыя канстатавалі, што “нягледзячы на значнасць своечасовага выпойвання нованароджаным цялятам малодзіва для выпрацоўкі ў іх імунітэту, іх выпойванне ў начны час не арганізавана на фермах правераных гаспадарак.” Традыцыйна выяўлены і “абасраныя” (тэрмін афіцыйных паведамленняў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі) каровы. 

Праблема “абасраных” кароў настолькі важная, што рэйды супрацоўнікі Камітэта, Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў і аблвыканкама праводзілі ў выходныя дні альбо начны час. Чыноўнікі пагражаюць працягваць свой маніторынг.

Сітуацыя ў Бялыніцкім раёне не з’яўляецца выключэннем з правіл. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх гаспадарках, якія правяраліся. 

Неналежнае ўтрыманне цялят, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў і індывідуальных домікаў выяўлены ў гаспадарках: “Тэльмана” Клічаўскага, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” Бялыніцкага, “Неўскі-Агра”,  “Добрасць” і “Крычаўрайаграпрамтэхзаб” Крычаўскага, “Жылічы” Кіраўскага, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка” Магілёўскага, “Заранскі” і “Наша Радзіма” Слаўгарадскага, “Машавое” Касцюковіцкага раёна. 

Выпойка нованароджаных цялят малодзівам у начны час не арганізавана на наведаных фермах “Дабросць”, “Крычаўрайаграпрамтэхзаб”, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб”, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка»”.

Адзначана “загноенасць” (занавожанасць) асобных адрын, выгульных пляцовак, гноясховішчаў практычна на кожным аб’екце названых сельгасарганізацый.” Менавіта таму магілёўскія каровы па ранейшаму часцяком брудныя і недагледжаныя.

У таварыства “Хімік” з Магілёва запусцяць рэйсавы аўтобус у тэставым рэжыме – зімой

Маршрут з аўтапарка №1 у Магілёве да садовага таварыства “Хімік”, што ў пятнаццаці кіламетрах ад горада, плануюць запусціць ужо заўтра, 3 снежня – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Адначасова будзе праводзіцца маніторынг запатрабаванасці гэтага маршруту.

 Аўтобус будзе курсіраваць па суботах і адпраўляцца ад прыпынку ААТ “Магілёўаблаўтатранс” (гэта каля кальца Мясакамбіната) у 9.00 і ў 14.45. Ад прыпынку с/т “Хімік” – у 9.42 і ў 15.22.

Фота мае ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.

Вада з Палыкавіцкай крыніцы аказалася багатай на нітраты

Вынікі лабараторнага кантролю санэпідэміялагічнай службы ўстанавілі, што па санітарна-хімічных паказчыках якасць вады не адпавядае нарматывам. Пры норме на ўтрыманне нітратаў 45 мг/дм3, вада з крыніцы паказала 46,2 міліграмаў нітратаў на кубічны дэцыметр вадкасці – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”.

– Нітраты, не маючы спецыфічнага віду, прысмаку, аказваюць негатыўны, таксічны ўплыў на здароўе чалавека – распавяла выданню загадчык аддзялення камунальнай гігіены “Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі” Аксана Воранава – Найбольш небяспечныя нітраты для маленькіх дзяцей, асоб пажылога ўзросту і якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі. Небяспека нітратаў яшчэ і ў тым, што кіпячэнне вады не паніжае іх узровень вадзе. Негатыўны ўплыў нітратаў на здароўе абумоўлены тым, што нітраты ў кішэчніку чалавека аднаўляюцца ў нітрыты пад уплывам бактэрый, якія жывуць у кішачніку. Усмоктванне нітрытаў вядзе да адукацыі метгемаглабіну і да частковай інактывацыі карыснага для арганізма гемаглабіну. Такім чынам, у аснове захворвання метгемаглабінэмія, якое выклікаюць нітраты, ляжыць тая ці іншая ступень кіслароднага галадання клетак і тканін. У сувязі з чым, санітарна-эпідэміялагічная служба не рэкамендуе выкарыстоўваць ваду з Палыкавіцкай крыніцы Магілёўскага раёна для пітных мэт.

Фота: mogilev-region.gov.by