Ініцыятарка стварэння музею Алеся Адамовіча і журналістка праўладнай газеты ў фотаздымках паказала свет «Паміж сонцам і зямлёй»

Шматгадовая карэспандэнтка праўладнай газеты «Звязда» Нэля Зігуля стала вядомай пасля таго, як у 2017 годзе ініцыявала стварэнне музэю Алеся Адамовіча на яго малой радзіме ў пасёлку Глуша. Стварыць музей у будынку, дзе месцілася пасялковая аптэка, дагэтуль не ўдалося, але ў 2019-ым у Глушы, ушанавалі пісьменніка і грамадскага дзеяча, паставіўшы яго бюст. 

Арганізаваць выставу «Паміж сонцам і зямлёй» журналістцы дапамагла найстарэйшая фотасуполка Магілёва «Радуга». Дэбютантка ў фатаграфіі, прэзентуючы сваю выставу, адзначыла, што спадзяецца на паблажлівасьць масцітых фатографаў, бо ейныя «здольнасці пакуль сціплыя».

«Ейнае аматарства ў фатаграфаванні дапамагло ёй зафіксаваць у здымках тое, на што не звярнуў бы ўвагі дасведчаны фатограф», адгукаюцца пра работы Зігуля наведнікі выставы .

«Сярод прадстаўленых фатаздымкаў  няма шэдэўраў і добра, што сваё аматарства прызнае іх аўтарка», – заўважае адзін з магілёўскіх фатаграфаў. 

«Работы Зігулі поўныя замілавання вясковымі краявідамі, – кажа ён. – Затое яны перадаюць ейны характар: дабрыню, любоў да радзімы, фантазію ды лёгкую летуценнасць».

 

Гіганцкі стул усталяваны ў цэнтры Магілёва

Каля абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава выстаўлена вялізнае крэсла для гігантаў. Яно прыцягвае ўвагу магілёўцаў і выклікае шматлікія пытанні.

Памеры крэсла сапраўды ўражваюць. Вышыня яго большая за 2 метры. Проста забрацца на крэсла звычайнаму чалавеку зусім не проста, а для большасці мінакоў немагчыма. Таму натуральна ўзніклі самыя розныя, часам экзатычныя версіі прычын яго ўсталявання.

Версія пра жаданні магілёўцаў патрапіць у кнігу рэкордаў Гінеса аказалася лагічнай па накіраванасці думкі, але непраўдзівай. У свеце ёсць і большыя крэслы для гэтых мэтаў.

Таксама не спраўдзілася здагадка пра з’яўленне ў Магілёве новага Гулівера і атракцыён з ім.

Усё аказалася больш банальна. Крэсла з’яўляецца адметным вялікім магнітам, які павінен заманіць у музей наведвальнікаў.

Справа ў тым, што ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.У.Масленікава працуе інтэрактыўная выстава “Экспірыментус”. Па сутнасці, гэта не выстава, а незвычайная экспазіцыя прыбораў і прылад, якая дэманструе фізічны бок разнастайных і дзіўных па прыгажосці з’яў. Наведвальнікам гэтага праекту адкрыюцца розныя законы фізікі, прыродныя з’явы, аптычныя ілюзіі, прынцыпы працы тэхнічных прылад і шматлікае іншае.

Выстава – гэта яшчэ і займальная вольная гадзіна для ўсёй сям’і, дзе навочна дэманструюцца прыродныя з’явы і заканамернасці. Як кажуць арганізатары, тут вялікая колькасць экспанатаў, якія не толькі можна, але і трэба чапаць, круціць, націскаць. Усе наведвальнікі нечакана для сябе становяцца даследчыкамі дзіўнага і незвычайнага.

Дзецям да 7 гадоў уваход толькі ў суправаджэнні дарослых!

А стул? Ён проста ўсталяваны замест рэкламнага шчыта. І слава Богу, што арганізатарам выставы хапіла розуму не быць банальнымі і ў гэтай частцы свайго праекту.

Новыя этнаграфічныя выставы адкрыліся ў Магілёве

Эксперты рэкамендуюць беларусам і гасцям горада наведаць этнаграфічны музей – філіял абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава, каб пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай і адчуць атмасферу мінулых дзесяцігоддзяў адразу на двух новых выставах. Старажытныя абрусы і посуд выстаўлены ў этнаграфічным музеі і вабяць да сябе наведвальнікаў.

Першай пачала ў музеі этнаграфіі працаваць выстава “Гісторыя посуду: эпоха і стыль”. Паколькі посуд – адзін з любімых аб’ектаў калекцыявання, то выстава атрымалася багатай на экспанаты і вельмі атмасфернай. Тым наведвальнікам, якія прыйдуць пазнаёміцца з ранейшым посудам, прадстаўленыя экспанаты дазваляюць прасачыць гісторыю посуду і змену стылей. Посуд зацікавіць і больш дапытлівых разнастайнасцю формаў і фарбаў, майстэрствам, прыгажосцю і арыгінальнасцю выканання.

На выставе прадстаўлена больш за чатырыста артэфактаў XVII – пачатку XXI ст., якія раскрываюць гісторыю стварэння посуду, яго эвалюцыю ад глінянага гаршка да вытанчаных фарфоравых формаў. З самых цікавых экспанатаў звернем увагу на наступныя прадметы:

  • Сялянскія гарлачы, кубкі, гаршкі, збаны, гладышы, вазы, латкі.
  • Сервіз фарфоравы чайны “Залаты чай” 1860-х.
  • Кафейнік імператарскага фарфоравага завода пачатку ХІХ ст.
  • Маслёнка “Курачка наседка”. Гута “Нёман”.
  • Посуд Добрушскага фарфоравага завода.
  • Украінскі савецкі фарфор.
  • Сервізы Германіі, ГДР і ФРГ.
  • Талеркі Велікабрытаніі.
  • І г.д.

Адначасова пры жаданні можна пагрузіцца ў тэкставую гісторыю асобных прадметаў – шклянкі, кубка, талеркі, відэльца, лыжкі, нажа.

Усіх наведвальнікаў выстава адорыць сваёй атмасферай, вока парадуюць прыемныя фарбы, яна падыме настрой, а юныя наведвальнікі змогуць паспрабаваць свае сілы ў якасці мастакоў фарфоравых заводаў: размаляваць кружкі, талеркі, сподачкі і збанкі.

У гэтым самым музеі этнаграфіі пачала работу і больш сціплая па памерах, але не меньш цікавая выстава “Са скрыні маляванай абрусы падасталі…” На ёй паказаны тканыя і вышытыя абрусы і ручнікі як элементы дэкаратыўнага ўпрыгожвання інтэр`ера сялянскай хаты.

Здаўна маладая, каб паказаць якая яна майстрыха, рыхтавала прыданак – пасаг. Неад’емнай часткай яго былі абрусы – скацёркі. У зале можна паглядзець абрусы самага рознага колеру і рознага ткання.

На выставе выразна бачна, што абрусы адлюстроўваюць нацыянальны характар. Магілёўскім абрусам уласціва сціплая каларыстычная гама, простыя ўзоры. Пераважаюць срэбныя адценні шэрага рамбічнага арнаменту.

Выставы працягнуцца да канца мая 2022 года.

Прыемнага прагляду.