Валентин Лобачев

Былому магілёўскаму палітвязню паведамілі аб спыненні яго адміністрацыйнай справы

Экс-палітвязень з Магілёва Валянцін Лабачоў паведаміў аб спыненні ў адносінах да яго адміністрацыйнай справы, датычнай парушэння заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе.

Пра спыненне справы Лабачоў паведаміў у Фэйсбуку, размясціўшы фотаздымак з ліста з Ленінскага РУУС Магілёва за подпісам Аляксандра Пушына, і суправадзіўшы пытаннем “Сябры,як вам такі прышпіл?”.

Згодна паведамленню з міліцыі, пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні вынесена па заканчэнні падрыхтоўкі справы да разгляду.

Валянцін Лабачоў, грамадскі і палітычны актывіст, быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі).

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, магілёвец у чэрвені 2020 года размясціў карцінку ў адным з забароненых тэлеграм-каналаў з надпісам, які насіў, на думку дзяржаўнага абвінавачвання, абразлівы характар у адрас Аляксандра Лукашэнкі. Падчас працэсу высветлілася, што лінгвістычная экспертыза неадназначна расцаніла надпіс на малюнку і не палічыла, што ён непасрэдна абражае гонар і годнасць Лукашэнкі.

23 сакавіка 2022 г. МУС уключыў яго ў спіс “грамадзянаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Палітвязень утрымліваўся ў турме №4. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Валянцін выйшаў на волю 17 лютага 2023 г. Зараз жыве ў Польшчы ў статусе палітычнага ўцекача.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”