Урад Беларусі зацвердзіў павышэнне базавай стаўкі да канца года. Яе ўздымуць двойчы: з 1 верасня і з 1 лістапада. Вераснёўскае падвышэнне базавай стаўкі прывядзе да росту акладу бюджэтнікам на 0,5 працэнты.
Базавая стаўка ў Беларусі – гэта аснова для налічэння заробкаў работнікам бюджэтнай сферы. Іх аклад наўпрост залежыць ад базавай стаўкі і разлічваецца па формуле: Базавая стаўка х каэфіцыент разраду.
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб павышэнні базавай стаўкі. З 1 верасня яна вырасце да 211 беларускіх рублёў, з 1 лістапада – да 212 рублёў, піша рэсурс Myfin.
Такім чынам, павышэнне базавай стаўкі ў верасні павялічыць аклад (пры тым жа каэфіцыенце разраду) усяго на 0,5 працэнта.
Выданне нагадвае: раней базавую стаўку для бюджэтнікаў падвышалі ў 2022 годзе планава ўжо тры разы – у сакавіку, красавіку і маі. Да 1 верасня яна складала 210 беларускіх рублёў.
фота: intex-press.by