Магілёўскім міліцыянтам давядзецца шукаць іншае месца, дзе яны будуць рабіць выгляд, што вывучаюць правазнаўства.
Адна з найстарэйшых у краіне прыватных ВНУ і самы разгалінаваны недзяржаўны ўніверсітэт спыняе сваё існаванне. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце “БІП – Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій”. У заяве гаворыцца, што рашэнне аб спыненні дзейнасці прынятае заснавальнікам і кіраўніцтвам універсітэта. Сваю працу БІП завяршае 30 жніўня 2024 года.
Спыняе сваё існаванне таксама і магілёўскі філіял БІП. У будынку на плошчы Арджанікідзэ зараз вучацца некалькі соцень студэнтаў па спецыяльнасцях “Правазнаўства”, “Міжнароднае права”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” – як вочна, так і завочна. Паведамляецца, што ўсе студэнты і магістранты, а таксама слухачы ўніверсітэта атрымаюць магчымасць перавесціся ў іншыя ВНУ для працягу вучобы. Таксама верагодна, што месца ў дзяржаўных універсітэтах знойдзецца і для прафесарска-выкладчыйкага складу.
Варта адзначыць, што магілёўскі філіял быў надзвычай запатрабаваны сярод прадстаўнікоў праваахоўных органаў рэгіёна. Тут давалася вышэйшая юрыдычная адукацыя, неабходная для паспяховай кар’еры, у той час як кантроль ведаў быў на вельмі ліберальным узроўні. Крыніцы mogilev.media распавядаюць, што менавіта міліцыянты складалі асноўную масу слухачоў, у прыватнасці, у групах завочнай формы навучання. Пры гэтым яны рэдка з’яўляліся на заняткі, да экзаменаў практычна не рыхтаваліся. Ды ў гэтым і не было асаблівай патрэбы – палітыка ўніверсітэта была арыентаваная на захаванне студэнцкай масы, паколькі ўсе навучэнцы – платнікі.
Разам з тым, кафедры БІП укамплектаваныя даволі моцным выкладчыцкім калектывам, што з году ў год дазваляла ўніверсітэту праходзіць праз жорны разнастайных праверак.
Фота з адкрытых крыніц