Жыхары Магілёва адзначаюць, што сёлета на вуліцах паболела бадзягаў. Бяздомнікі, па словах гараджанаў, на летні перыяд, звычайна знаходзілі сябе занятак, каб пракарміцца, за межамі гораду. Гэтае лета стала выключэннем. Чаму, невядома.
Чытачы Магілёў.media даслалі серыю аднатыпных фотаздымкаў з просьбай апублікаваць іх і імі прыцягнуць увагу да праблемаў бяздомнікаў.
Цяпер убачыць бадзягу з ягоным небагатым скаргам выпадае не толькі ля цэркваў. Нямала іх збіраецца ў прыёмных бальніц. У кожнага свае праблемы. Шмат бяздомнікаў начуе на лаўках. Свой ладунак яны пакідаюць у схованцы.
Жывуць, як правіла яны, з таго, што знойдуць на сметніках ды звалках. Збіраюць металалом, макулатуру, адыходы пластыку. Выгаданыя грошы найчасцей прапіваюцца. Канфліктаў з шчаслівейшымі гараджанамі пазбягаюць. Стараюцца наагул не сутыкацца з імі.
На лета выбіраюцца з гораду і наймаюцца пастухамі, ці памагатымі па гаспадарцы. Нярэдка становяцца ахвярамі ашуканства. Адпрацаваўшы іх праганяюць.
Статыстыкі пра колькасць бадзягаў у горадзе ў адкрытых крыніцах адшукаць не ўдалося. Вядома, аднак, што ўчастковыя маюць сваю базу дадзеных на гэтую катэгорыю гараджанаў.
У кожнага бадзягі свая гісторыя, якая прывяла да беспрытульнага жыцця. Вярнуцца ў звыклае жыццё многія не могуць ды не хочуць. Паміраюць яны ад холаду, атручванняў, хваробаў. На лаўсанаўскіх могілках ёсць дзялянкі, на якой нямала безыменных магілаў. Невядома колькі іх забраў ковід.