Архітэктурная цікавостка Магілёва

Архітэктурная цікавостка Магілёва – тры даваенных дома ад першай беларускай архітэктаркі

Па ўсёй Беларусі такіх захавалася ўсяго восем. У міжваенны час праект Наталлі Макляцовай быў распрацаваны для масавага тыпавога будаўніцтва. 24-кватэрныя чатырохпавярховыя дамы ўзводзіліся па ўсёй БССР у 1932 – 1938 гадах, але захаваліся падобныя будынкі толькі ў Мінску, Гомелі і Магілёве – піша Тэлеграм-канал “Беларускі піонэр”.

 

 

Магілёўскія дамы праекта Макляцовай размяшчаюцца на вуліцы Мянжынскага, №20 і №31, а таксама на Першамайскай каля друкарні. Дом па Першамайскай быў перабудаваны і стаў пяціпавярховым, а адзін з дамоў па Мянжынскага адрозніваецца невялікай вежай, прызначанай для супрацьпаветранай абароны.

 

 

Наталля Макляцова нарадзілася ў вёсцы Мсціслаўская Слабодка на Смаленшчыне, навучалася на архітэктара ў Ланінградзе, а ў 1931 годзе прыехала працаваць у Мінск. Яна лічыцца першай беларускай жанчынай-архітэктаркай. Па яе праектах ажыццяўлялася жылое будаўніцтва да і пасля вайны ў Мінску. Праект 24-кватэрнага жылога дома з магазінам, распрацаваны Макляцовай, стаў адным з самых распаўсюджаных тыпавых праектаў у даваеннай Беларусі.

 

 

Аўтарству Макляцовай належыла таксама першая элітная новабудоўля ў Беларусі – 100-кватэрны дом спецыялістаў у Мінску. Для мінчан было значнай падзеяй – сярод драўлянай забудовы ўзвысіўся цагляны дом з ліфтамі ў кожным пад’ездзе, уласнымі ваннымі і тэлефонам.