Чытачы Магілёў.media падзяліліся фотаздымкамі вялізнага ляснога звера, які зайшоў фактычна ў гарадскую рысу абласнога цэнтра. Лось быў заўважаны ў лясным масіве, які падыходзіць ушчыльную да Сараканайска. Непадалёк ад гэтага месца знаходзіцца адзін з вучэбных карпусоў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Сараканайск – былая вёска, заселеная этнічнымі латышамі ў 1880-х гадах. У перакладзе з латышскай мовы яе назва азначае “Чырвоны двор”. Зараз тут пераважна знаходзяцца дачы і прыватныя дамы. Былая латышская калонія ўвайшла ў гарадскую рысу ў 1978 годзе. Мікрараён размяшчаецца недалёка ад Казіміраўкі, на паўночны бок ад трасы Магілёў-Мінск.