Яго старшыня Анатолій Ісачанка лічыць, што спыненне супрацоўніцтва на еўрапейскіх напрамках адкрывае «акно новых магчымасцяў». Паводле яго «створаная дарожная карта» супрацы з краінамі, якія маюць патрэбу ў імпартазамяшчэнні, напісана на сайце Магілёўскага аблвыканкаму.
Анатолій Ісачанка настойвае, што «ва ўмовах санкцыйнага ціску Магілёўская вобласць спрацавала някепска. Па ягоных словах выкананыя асноўныя паказчыкі, а запланаваны бюджэт сфармаваны.
«Да нядаўняга часу мы шчыльна працавалі з Еўропай у розных напрамках і праектах. На сёння гэтыя кірунку замарожаныя, аднак, для нас адкрываецца акно новых магчымасцяў, дзе мы можам актыўна працаваць», – заяўляе ён.
Намеснік старшыні аблвыканкаму Руслан Страхар кажа, што санкцыйны ціск адносна экспарту на тэрыторыю Еўрапейскага Саюзу, стараюцца замяніць пастаўкамі ў Расію і краіны Паўднёва-ўсходняй Азіі.
«Трэба адзначыць, што сыход шэрагу еўрапейскіх кампаніяў з расейскага рынку для нас – добрая магчымасць зайсці туды», заяўляе ён.
Прагнозы адносна перспектываў супрацоўніцтва прагучалі на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэту, на якім у парадку дня былі пытанні развіцця і выканання бюджэту вобласці за першы квартал 2022 году, а таксама ажыццяўлення кадравай палітыкі структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкаму.